Азарычы - лагер смерцi

   Хто забыў сваіх продкаў – сябе губляе,
   хто забыў сваю мову – усё згубіў
   У. Караткевіч "Каласы пад сярпом тваім"

Аб гэтым трэба гаварыць,
Крычаць аб гэтым трэба, людзі,
Бо нельга нам таго забыць,
Ні нам, ні тым, хто потым будзе.

Сорак чацвёрты – вораг знаў,
Гадзіна блізіцца расплаты,
Акопы рыць людзей сагнаў,
На іх наставіў аўтаматы.

І працавалі, хто маглі,
Жылі надзеяй: час надыдзе,
Пагоняць ворага з зямлі,
І пазбаўленне хутка прыйдзе.

А тых, хто слабы быў зусім
Старых, жанчын, дзяцей і хворых,
Абгарадзіў сярод асін –
За дрот калючы кінуў вораг.

Не піць, ні есці не даваў,
Адно хацеў – чакаў іх смерці,
І як сабакам хлеб кідаў,
У гразь кідаў эрзац, паверце.

Рабіў наўмысна, мабыць, знаў,
На што палонных асудзілі,
І фатаграфіі здымаў,
Як ежу там на ўсіх "дзялілі".

Наўкол балота, рэдкі лес,
На ўзвышшах людзі лапнік слалі,
То дождж ішоў, то снег з нябёс,
Агні паліць не дазвалялі.

Ваду балотную пілі,
Смакталі мох – была патрэба,
І выжывалі, не жылі,
З надзеяй гледзячы ў неба.

Быў холад, голад, смерць была,
І дрот калючы замест хаты,
Ім хоць бы трошачкі цяпла,
І ежы б ім – не далі каты.

Іх мардавалі дзень які,
Дзяцей, жанчын, старых і хворых,
І снег, што выпаў уначы,
Закрыў ад іх памерлых зоры.

Яны пад снегам, іх там шмат,
Хто жыць хацеў, але не здолеў,
Каго загнаў туды прыклад,
Каму дасталася няволя.

А хто прачнуўся – знаў свой лёс,
Не сёння, заўтра стане ціха,
Апухнуць з голаду без слёз,
Няма ўжо сіл аплакаць ліха…

Там дваццаць тысяч палягло,
За дзесяць дзён – кроў стыне ў жылах.
За што бязлітаснае зло
Жыццё ў смерць ператварыла?!.

Сядзеў ля вышкі паліцай
І нешта еў з бляшанай банкі,
Хлапчук вачыма просіць: "Дай!
Дай трошкі ежы дзеля мамкі!"

Яна ляжала, сцяўшы рот,
Ужо амаль што не жывая,
Пхнуў паліцай хлапца ў жывот,
Даеў і лыжку выцірае.

Ён банку кінуў і пайшоў,
Як гаспадар уздоўж надзела.
Хлапчук да банкі падышоў,
Падняў яе, прыціснуў к целу.

І тлушч з той банкі пальцам згроб,
Што там на сценках засталося,
Да вуснаў маці ўсё, што змог,
Прыклаў, каб толькі той жылося.

"Паеш, матулечка, прымі,
Мо палягчэе," – вусны мажа,
Ляжыць матуля ў забыцці,
І твар яе амаль што сажа.

Памерла маці раніцой,
Застаўся хлопец сіратою,
І дзесь грымела за ракой,
І дзесь жыццё ішло з вясною…

І хоць мінула шмат гадоў,
І здзейсніў лёс благія мары,
Мы помнім нашых землякоў
Імёны іх усіх і твары,

Каго забілі ў тым ляску,
Хто там застаўся на балотах,
Мы ўспамінаем на вяку,
Бо тут зямлі маёй журбота.

Дзе зараз лес стаіць сцяной,
Ды плача недзе перапёлка,
Яны чакаюць нас з табой,
А над Палессем зноў вясёлка.


Рецензии