Край мой родны, край лясiсты
Сінь азёраў, сінь нябёс.
Далягляд стаіць празрысты,
Як Тучанкі светлы плёс.
Ідзе статак з пашы шляхам,
Нясе водар малака.
Шчэбет ластавак пад дахам
Пад бас майскага жука.
Дзень стаміўся. Коціць сонца
Дыск чырвоны за ўзгоркі.
Тчэцца ручаём бясконца
Повязь матчынай гаворкі.
“Хопіць гойсаць! Вечарэе!
Хопіць гульняў, мітусні.”
Сырадою пахам вее
З кубкаў – жэўжыкам у сны.
Ціхне вёска, змоўклі гукі,
Сон агортвае сяло.
Сьпіць малы. Матулі рукі
Дораць мірнае цяпло!
Свидетельство о публикации №125022006909