Я з журбою светлаю Айчыны...

***
Я з журбою светлаю Айчыны
Ўспамінаю мой далёкі край,
Школу у Пракопаўцы, рабіны
І зялёнкі ў хвойніку – збірай!

Прыбяжыш было дамоў са школы,
Па зялёнкі з кошыкам – бягом
Радасны, шчаслівы і вясёлы,
А зялёнак – зелена кругом!

Валянцінка выкладала мову,
Рафаэль Сямёнавіч – язык...
Мы прыдбалі рыжую карову,
Ўпартая была яна, як бык!

З пашы йшла апошняю заўсёды
І давала мала малака.
Потым мы ўжо з гэтае нагоды
Ледзь здалі ў калгас таго "быка".

Сам Шамякін прыязджаў аднойчы
І у нашым клубе выступаў.
Захварэў я і не спаў дзве ночы,
Што на выступ “зоркі” не папаў.

Друкаваўся верш мой у газеце.
Ўсе тады выпісвалі "Маяк".
Гаварылі ў вёсцы аб паэце:
Нехта – добра, нехта – абы як.

Скончыў восем класаў, ды далёка
У дзявяты нам было хадзіць.
Ў інтэрнаце ўжо вучыў урокі,
Дзве зімы прыйшлося там пражыць.

А пасля дзясятага паехаў
Паступаць у Мінск у інстытут.
Край дзяцінства адзываўся рэхам,
У сталіцу пралягаў маршрут.

І з журбой па роднае хаціне
Ў Гомелі садзіўся я ў цягнік,
І гарчылі гронкі на рабіне,
Покуль Гомель з погляду не знік.

З лёгкім сумам светлае Айчыны
Ўспамінаю той далёкі край,
Дзе у белай квецені каліны
Акружалі мой зялёны гай...

10. 02. 2025 г.


Рецензии