Край дзяцiнства непауторны мой...
Край дзяцінства непаўторны мой
Мне гарчыць рабінаю Айчыны.
Клас другі быў скончаны вясной,
Як цвілі на поплаве каліны.
Ў лузе каля копанкі кароў
Пасвіў я за Ціханавай хатай,
З мамай навазілі трохі дроў,
Дый грыбоў той год было багата.
Здох кабанчык – нейкая чума,
А тады надзьмулася й карова.
Дзядзька бок прабіў ёй, ды дарма,
Усё роўна пала на Пакровы.
Будавалі хату: дзядзькі, брат...
Перайшлі ў яе перад зімою,
Як шумеў халодны лістапад
Той, цяпер далёкаю, парою...
Я ўжо быў вялікі – трэці клас,
Граматны, чытаў ужо памалу.
Нават закахаўся першы раз:
Палюбіў Каверзнікаву Алу.
Нашы мамы сваццямі былі,
Бо пачуцці разумелі тыя...
Адплывалі ў вырай жураўлі,
Як дзянькі маленства залатыя.
Край дзяцінства непаўторны мой
З горыччу і слодыччу рабіны,
З маладою мамаю – жывой –
І з журбою светлаю Айчыны....
09. 02. 2025 г.
Свидетельство о публикации №125020904272