I гарчыць мне горкаю рабiнай...

***
І гарчыць мне горкаю рабінай
Успамін пра край дзяцінства мой.
Сіратой пакінуў тата сына
Той далёкай лютаю зімой.

Цётка Дуня да труны штурхала:
"Развітайся з татам, мой сынок..."
"Ён баіцца," – мама адказала.
Поп, кадзіла, яма... і вянок.

Потым поп у хаце выпіў чарку,
Разышліся людзі хто куды.
Мама даглядала гаспадарку.
Не наносіць тата ўжо вады!

Гаравала мама, працавала.
Праз завеі ў школу я хадзіў.
Снегу намяло ў той год нямала,
І мароз таксама моцны быў.

Ў школе неяк правяралі вошай,
Выявілі вошы і ў мяне.
Нагала пастрыг сусед, прыгожа,
Не пакінуў чуба галаве...

Калі поплаў зноў пакрыла лотаць
І цвілі ружовыя сады,
Перасталі могілкі палохаць,
І да таты я хадзіў тады...

Сіратой пакінуў тата сына
Той далёкай лютаю зімой...
І гарчыць рабінаю Айчына –
Край дзяцінства непаўторны мой.

06. 02. 2025 г.


Рецензии