Пастка
леанід ПРАНЧАК
Вочы, што зведалі здраду.
Вусны сухія, як шоўк.
Прыкрая стома пагляду,
Рукі сабраны ў замок.
Крыўдна, але зразумела:
Словы пужаюцца слоў,
Цела адпіхвае цела,
Голас баіцца высноў.
Хочаш любых пераменаў.
Ласку журбой не ўталіць.
Ад капіляраў да венаў
Кожная клетка баліць.
Збудзь свой цяжар невыносны.
Хоць бы каму, нават мне,
Як заляжалыя кросны,
Як пазалеташні снег.
Кінь у кастрышча сукенкі.
Помні, навошта жыццё.
Прэч, як няўцешныя енкі,
Даўняй віны пачуццё.
Сумныя чорныя вочы
З вірам бурлівым на дне
Моракам выстылай ночы
Дзікасцю вабяць мяне.
Ведаю, што небяспечна.
Ведаю, золкая плынь.
Вочы, як мора адвечнасць,
Слізкія, як дэрманцін.
Прагну хоць нейкага выйсця
З пасткі, дзе выйсця няма.
Мрой парыжэлае лісце
Снегам засыпле зіма.
31.01.2025
Свидетельство о публикации №125013101932