Вясновае разводдзе
леанід ПРАНЧАК
Трыпціх
1.
Глядзеў бы і глядзеў
Я на цябе бясконца,
Забыў бы пра тугу
І час, што быў ды знік.
Тваё каханне, як
Спякотлівае сонца.
Маё каханне, як
Сцюдзёны маладзік.
Ты свеціш, грэеш і
Вачыма спапяляеш.
Я так люблю тваёй
Пяшчоты цеплыню.
А што ўзамен, скажы,
Ты, змучаная, маеш?
Адбіткі ад святла
Пагаслага агню.
Святло ў вачах, але
У сэрцы прахалода.
Сыры астылы дом
Спагадай не сагрэць.
Мне не сябе цяпер,
Мне наша шчасце шкода,
Ды трэба ў ноч ісці,
Пазнаўшы ласку ледзь.
2.
Калі вось-вось праз боль
Удараць жалем словы,
Калі ў дзвярны праём
Падзьме з акна скразняк,
Я ведаў, што я сам
Даўно не птах вясновы,
Ды ёсць усё як ёсць.
І гэта лёсу знак.
Сцюдзёны маладзік
Растворыцца ў аблоках,
Кавалак лёду ці
Асколак крохкіх мрой?
Цябе запомню я
Па развітальных кроках,
Няўтольных вуснах, што
Забралі мой спакой.
Бялюткае пяро
На памяць застанецца,
Як твой балесны крык,
Што ты згубіла тут.
Тваё каханне, як
Параненае сэрца.
Маё каханне, як
Збавенне ад пакут.
3.
Заблытаных шляхоў
Вясновае разводдзе.
Па іх пайду, калі
Расстанне адбаліць.
Трымціць мая душа
На нервах і на ўзводзе,
Дрыжыць мая рука
Цябе перахрысціць.
Няварта шкадаваць
Таго, што не спазналі.
Прачнецца смутак, як
Пупышкі на вярбе.
Тваё каханне, як
Кружэнне па спіралі.
Маё каханне, як
Дарога да цябе.
Пакаяцца ў граху,
Прасіць спагады ў неба.
Няўлоўнае ўлавіць
І больш не адпускаць.
Я так і знаў, што ты
Маёй юдолі глеба.
І гэта ўсё, што нам
З табой патрэбна знаць.
Глядзеў бы і глядзеў...
Матляе вецер моцна.
А сэрца грукаціць,
Як з Ляхавіч цягнік.
Тваё каханне, як
Спякотлівае сонца.
Маё каханне, як
Сцюдзёны маладзік.
29.01.2023
Свидетельство о публикации №125013001330