Залатыя вочы

ЗАЛАТЫЯ ВОЧЫ
леанід ПРАНЧАК

Маленькая паэма
для котак і катоў

1. СІМВАЛ ВОЛІ І ПЯШЧОТЫ!

Ну, хто пра што, а я пра котак.
Ну і, канечне, пра катоў.
Развесіць тысячы улётак
У абарону іх гатоў!

Люблю іх вочы залатыя!
Падшэрстку мяккую, як пух.
Замілавана сэрца ные,
Як чую ўранку скурай рук

Іх далікатныя вібрасы,
Загрыўка сонечную поўсць.
Жыцця штодзённыя акрасы:
Катоў вясковых прыгажосць.

Каты і коткі, кацяняты!
Адна вялікая сям’я.
Люблю, таму і быў прыняты
У Ваш кагал калісьці я.

Гатоў служыць вам і прыслужваць,
Гатоў карміць вас і паіць,
Нягоды цяжкія адужваць,
Каб вы дазволілі любіць

Ваш мілы нораў незалежны
І мармытанне ў цішыні.
Якім бы стаў я дзядзькам смешным,
Каб я без Вас праводзіў дні.

Мая спатоля, мой суцішак,
Мая спагада і любоў,
Калі б даляраў меў я лішак,
Карміў бы тысячу катоў!

Мае чароўныя істоты!
Усё жыццё маё са мной,
Як сімвал волі і пяшчоты,
Як сімвал зграбнасці зямной.

2. СОНЕЧНЫ ЭГІПЕТ

Шукаў і песціў я эпітэт –
Пустыні жоўтай белы пыл.
Эгіпет, сонечны Эгіпет!
Хоць сам ніколі там не быў.

Катоў спрадвечная радзіма,
Табе я ўдзячны заўсягды,
Бо ты дала нам цуд і дзіва,
Што называецца каты.

Эгіпта тлустыя палеткі
Радзілі хлеб на праснакі.
Палі пшанічныя, не кветкі,
Тут красавалі ўздож ракі.

Пшаніцу ўлетку малацілі,
Ссыпалі збожжа у бурты...
Лавіць мышэй прыйшлі з пустыні
У свірны дзікія каты.

Бо неаднойчы так бывала,
Што мышы, зайцы, пацукі,
Галодных суслікаў навала
Знішчалі хлеб увесь, які,

Народ запасіў для зімоўкі,
Каты спынілі гэты гвалт.
Свяшчэнны кот – драпежнік лоўкі –
Абараніў людзей ад страт.

Каты Эгіпт уратавалі.
Катам павага і любоў.
І з тых часоў усе прызналі:
Каты – пасланнікі Багоў.

Ката ў Эгіпце сталі славіць
За неацэнны подзвіг той.
Было прынята ў храмах ставіць,
Багінь з кацінай галавой.

Скульптуры-вобразы святыя
Хвалілі Бога зноў і зноў.
Паўсюль выявы залатыя
У гонар котак і катоў.

Каты бязлітасна і строга
Трымалі той парадак свой.
Як пасярэднікі між Богам
І ненажэрнаю зямлёй.

За іх вушамі ззяюць німбы,
Паўсюль, куды б я не прыйшоў.
А у Эгіпце піраміды –
Выявы котак і катоў.

3. ДЗЕВЯЦЬ ЖЫЦЦЯЎ

У кожнай кошкі дзевяць жыццяў.
І гэта праўда, не мана.
Жывой і цэлай можа выйсці
З любое рызыкі яна.

Жыццё – пакуль душа жывая.
Яна і ў кошкі, веру, ёсць.
Бо так цнатліва ашчаджае
Яна зямную прыгажосць.

Бог Ра калісьці і па сёння
Ёй сілу даў, як запавет.
Вачэй пранізлівых прадонне,
Як доўгі шлях у іншы свет.

Калі яна сарвецца з дрэва
І будзе падаць, кагадзе,
Ні правым бокам і не левым,
Яна на лапы упадзе.

Не разаб’е аб камень косці,
Ні мяккіх лап, ні галавы.
У небяспецы і ў мілосці
Цішэй вады, ніжэй травы.

Жыццё не грошы, не манеты.
І кошка гэта вызнае.
Свае спрадвечныя сакрэты
Яна сябрам не выдае.

Палечыць сумным вуркатаннем,
Абыдзе бокам глыбіню
Сагрэе ласкай і трываннем
Асенняй ночы цішыню.

У кошкі хвост, нібы антэна,
І позірк вечна малады.
З ёй мне ні добра і ні дрэнна.
Мне з ёю хораша.
Заўжды.

4. І МУДРАСЦЬ ДАЎНЯЯ І ТАКТ

Гуляе котка без дазволу,
Ёй не патрэбны мой дазвол.
Яна не цёгаецца ў школу,
Няма пакуль каціных школ.

Калі яна таго не хоча,
Яна не будзе слухаць Вас.
Заплюшчыць вочы і рагоча,
Ці ў дзіўных мроях таньчыць вальс.

Ва ўсіх катоў ад нараджэння
І мудрасць даўняя, і такт.
Нібыта іх прадвызначэнняе
Жыць як жывуць яны.
Вось так.

Што мне каты мае гавораць,
Калі вуркочуць пад рукой?
Пра тое, што магло учора
Адбыцца раніцай са мной.

Яны адчулі: набяспеку
І папярэдзілі мяне.
Каб не спаткнуўся я са спеху,
І што гадзіннік на сцяне –

Ці то спяшаецца ці маніць.
(Патрэбна будзе паглядзець).
Як дождж па вокнах барабаніць,
То лепш на прыпечку сядзець.

О, кошкі! Мілыя стварэнні!
О, Вы, суворыя каты!
Не сумняюся ні імгнення
У чарах Вашай пекнаты.

Не раз мяне вы ратавалі
Ад завірухаў і нягод,
Самаахвярна лекавалі
Ад звадаў, бедаў і хвароб.

Ляжаць і грэюцца на сонцы
Ці пад кустом акацый спяць,
Мае малыя абаронцы
Праз сон у новы дзень глядзяць.

Каты – з інакшым светам повязь.
Каты – прыгожых мараў свет.
Мая бясконцая аповесць –
Іх неразгаданы сакрэт.

5. ЯК РОДНЫ БРАТ

Каты паўсюль па цэлым свеце.
Дзе людзі ёсць, там і каты.
Нібы даверлівыя дзеці,
Але ж з людзьмі яны на ты.

Кот для ката ёсць кот і толькі.
І чалавек кату – ёсць кот,
Вялікі, дужы і высокі,
Грамадны, нібы бегемот.

Каты не служкі, не служакі.
Каты галоўныя ў сям’і.
І аніякія сабакі
Ім роўнай роўняй не былі.

Каты жывуць сям’ёй спрадвеку.
Вякамі склаўся іх уклад.
І між сабой аб чалавеку
Яны гавораць: родны брат.

А котка ў доме гаспадыня,
Царыца, пані на вырост,
Такая мілая багіня,
Чатыры лапы, пяты хвост.

І я прад ёй благавею.
Дзялю агмень і родны дом.
І сам гатоў, калі сумею,
У іншым свеце стаць катом.

А ў гэтым – я у захапленні
Ад вашых звычак і манер.
Жыцця цудоўныя імгненні
Мне дорыць кот, мой брат і звер.

Ох, котка!
Велічная роля
Быць па жыцці заўжды са мной.
Мой лёс, мая зямная доля
Навекі сплецены з табой.

6. ТРОХКАЛЯРОВЫЯ КРАСУНІ

Каты бываюць рознай масці.
Усе іх тут мне не злічыць.
Акрас – агонь кацінай страсці.
Як гэта хораша гучыць!

Пачаць патрэбна пэўна з белай.
Няма здаецца прагажэй
Такой вось мілай коткі смелай
З блакітным полымем вачэй.

Яна заўжды прыносіць людзям,
Спакой, давер і дабрыню.
З такою кошкай шчасце будзе
Тым, хто шануе чысціню.

А чорным часта кот бывае.
Сур’ёзны моднік і эстэт.
Так таямніча пазірае,
Бы Ваш ён ведае сакрэт.

Ёсць тыя, хто яго баіцца.
Бо, кажуць зрэдку так было,
Што кот, як тхор альбо куніца,
Прыцягваць можа ў хату зло.

Каты пярэстыя і коткі
Такі прыроды дзіўны фінт.
Відаць па ўсім, што быў кароткім
У іх бацькоў любоўны флірт.

Яны як доказ: шанцаванне
Звычайна знічкай прамільгне,
Бо і нудота і каханне
Сягонння ёсць, а заўтра не.

Нарэшце – чорна-бела-рыжы!
Цудоўны колер – лёсу дар!
З такім бы гойсаць па Парыжу
Такая поўсць, як вынік чар.

Трохкаляровыя красуні!
Такія коткі,як шэдэўр
Не месца ім ў цёмнай пуні,
Ім варта ўзвесці бельведер!

Яны прыцягваюць багацце,
Удачу, грошы, дабрабыт.
Мець кошку гэтакую шчасце
І ад усякіх крыўдаў шчыт!

7. ЖЫТЛО І СХОВА ЦЁМНЫХ СІЛ

Дайшлі мы з Вамі да пытання,
Каб адшукаць адказ самім.
Што ёсць каты?
Душы адхланне
Ці забабонаў едкі дым?

Тут шлях прайсці патрэбна ўмела,
Хоць досвед той душы ня міл.
Падчас бывае: коткі цела –
Жытло і схова цёмных сіл.

Там пасяляюцца аднойчы
Злы дэман, ціхі дамавік.
На шАры аж да цёмнай ночы
Здалёк чуцён іх брыдкі крык.
Хоць котка борацца з напасцю,
Перамагае не заўжды.
А вось каты, што з чорнай масцю
Жывыя носьбіты бяды.

Яны нясуць яе у хату,
І ў хаце чыніць справы зло.
Хто крапіву кладзе, хто мяту,
Каб гора ў хату не прыйшло.

Звычайна котка бачыць рэчы
Вастрэй у сем разоў, чым мы.
Ці вы ўяўляеце, дарэчы,
Якія пільныя яны?
 
У кожнай кошкі непасрэдна
Ля носа збоку ад зубоў
На кожнай мордзе адпаведна
12 тоненькіх вусоў.

Вось імі часта чуюць коткі
Увесь здарожаны сусвет...
І доўгі сон, і сон кароткі,
Наступны дзень і запавет...

Касцей у коткі з нараджэння
Дакладна 247.
Падзеі, святы  і здарэнні
Яна прадбачыць дзень у дзень.

Душа зямнога чалавека
Знутры і звонку ім відна.
І бачыць котка век ад веку
Што ў ёй святло, а што мана.

 8. РАМАН З МЫШАМІ

Каты і мышы. Рызыкоўна
Распачынаць такі сюжэт.
Але цікаўны, безумоўна.
Хоць і стары, як гэты свет.

Ды мне чамусьці неахвота
Пра гэта, баяць, так сказаць,
Каты з настойлівай пяшчотай
Пра гэта просяць не пісаць.

Мае каты, а іх пяцёра
На лаўку селі і сядзяць.
Як напамінак пра ўчора,
Калі я толькі стаў складаць

Раздзел пра іх раман з мышамі...
Пра іх драпежніцкі аскал...
– Вы не сябруеце з катамі, –
Кот Болцік міла так сказаў.

І замаўчаў. Сядзіць панура.
І ўсе астатнія маўчаць.
– Ну ўсё, няхай я буду дура,
Але павінна я сказаць, –

Загаварыла котка Эва.
Перапыніў яе Міхай:
– Хоць ты у нас і Каралева,
Па-беларуску размаўляй.

Бо ты не дура, а дурніца!
І ты за нас не разумней...
Як пачалі яны тут біцца,
Крычаць, пішчаць, як сто свіней.

Вось гэта бойка! Поўсць клыкамі!
Каты ўсе збіліся у клубок.
– Мы не харчуемся мышамі,
Пачуў я Эвін галасок.

– Каб гэта так, то напісаў бы.
Я сам табе прыносіў мыш.
– Чаму ж не з’еў яе ...
Ну... сам ты.
Я рот раскрыў...
– Чаго маўчыш?

9. КАРПАРАТЫЎНЫ ІНТАРЭС

Ох і няпростая гаворка!
Дзе мой узнёслы піітэт?
На сэрцы моташна і горка.
Давай, давай, пішы паэт.

– Усе дамовы нашы ў сіле.
Скажы: мы не ядзім мышэй.
І памятай, што мы прасілі:
Пішы глыбей, глядзі вышэй...

І не дуры катам ты голаў.
Наперад крок, а два -- убок.
Як кажа Гена Балаболаў:
Такі харчовы ланцужок!

Вось-вось, дайшло і мне нарэшце.
Хоць і пагана на душы:
– Мы будзем іх лавіць і есці,
А ты пра гэта не пішы!

О, Болцік! Як разгаварыўся.
А пару дзён таму маўчаў.
– Ну што: ты з намі памірыўся.
– Я ж не сварыўся, я пісаў!

– Хоць ты зусім не асцярожны,
Чытаць цябе – суцэльны смак.
Я памятАю верш твой кожны.
Вось, слухай.
Леанід Пранчак:

– Мышка, мышка,
Дзе была?
– У адрыне
Ток мяла.

– Што далі табе
За працу?
– Крыху сала,
Крыху шмальцу.

– А чаму далі
Так мала?
– Я пра гэта
Не спытала.

– Дзе ж ты, мышка,
Шмалец дзела?
– Занясла ў нару.
І з’ела!

– А маленькі скрылік cала?
– Я кату падаравала!

Вось бачыш, мышы абажаюць
Усіх катоў з нядаўніх пор.
У лапы трапіць, мышы знаюць,
Яшчэ зусім не прыгавор.

Даю табе працэнтаў дзвесце.
Ты ў гэта верыць будзь гатоў:
Калі катам мышэй не есці,
Дык мышы выгрызуць катоў.

Пішу цяпер я пад дыктоўку
Не то верлібр, не то санет.
Замёрз зусім, з маёй ватоўкі
Каты зрабілі туалет.

Пара напэўна закругляцца.
Бо як і што б там ні было.
Каты, Каты!
Якое ... брацтва!

Што мне аж мову заняло.
Вось-вось, дайшло і мне нарэшце.
Хоць і пагана на душы:
– Мы будзем іх лавіць і есці,
А ты пра гэта не пішы!

У іх адзін і непагрэшны
Карпаратыўны інтарэс.
А вершы – гэта проста вершы.
Хто з лесу, ну, а хто і ў лес.

Вы, калі ласка, не чытайце
Шаноўным дзеткам гэты тэкст.
Але заўсёды памятайце:
Каты падчас – рэальны стрэс!

 10. НЕПРАДКАЗАЛЬНЫ НОРАЎ

Чытае котка Вашы думкі,
Вальготна седзячы ў куце,
Пра здрады, мары і пакункі,
Пра непрыемнасці усе,

Што наваліліся знячэўку
І гнётам ціснуць да зямлі.
Эх, цяжка жыцьме чалавеку,
Калі нягоды дапяклі.

Каты! Каты! Дарунак долі!
Вы непадлеглыя спрадвек.
Не зможа стаць такім ніколі
Свабодалюбчым чалавек.

О так, патрэбна ўсім кармушка.
Ды не абы якой цаной.
І хоць усякі кот не птушка,
Сягае ў думках: о-ёй-ёй!

Ён вас штудзіруе, як кнігу.
Пра вас ён ведае усё.
Спакойна, роздумна, паціху
Жыве ў цішЫ сваё жыццё.

Смяецца часам, часам дрэмле.
Ох, нагледзяўся ўсяго.
Затое ён пры вас і ў тэме,
Абы кармілі Вы яго.

Катам самотна ў цеснай хаце.
Іх разняволены імпэт
Нясцерпна прагне зведаць шчасце
І палюбіць бясконцы свет.

Таму і кажуць, немагчыма
Кату любіць гаспадара.
Няважна, што там за прычына, --
Уміг справадзяць са двара

За слова ці за вуркатанне,
Ці за пажадлівы пагляд.
Каты, каты – маё каханне!
А кот кату зусім не брат.

Пляткар, супернік, злыдзень, вораг.
Альбо на котку прэтэндэнт!
Іх нораў зверскі, нібы порах,
Непрадказальны, як Сусвет.

11. СЯБРА ШЧЫРЫ І НАЙЛЕПШЫ

Дзе ёсць каты – там лад і згода
Пануюць мірна дзень пры дні.
І тут не важна іх парода.
Важней належнасць да сям’і.

Каты сябе паводзяць гэтак,
Нібы магутныя цары.
Яны не дораць коткам кветак,
А мыш: ну як не падарыць.

Усім катам па-беларуску
Заўжды прыемна мець кантакт.
Таксама як і па-французску,
Альбо па-польску акурат.

Каты з маленства адчуваюць:
Дзе ты жывеш, там ёсць твой дом
Там, дзе нас лашчаць і кахаюць,
Мы з асалодаю жывём.

Не купіш ласку за пячэньку,
Калі душа твая як лёд.
А падары нам ласкі жменьку
І будзе ўсё наадварот.

Катоў-манкуртаў не існуе.
Інакш сказаць не існуЕ.
Яго ў сям’і разлад турбуе
Больш, чым нязручнасці свае.

Кот дзень пры дні пільнуе хату,
Яе спакой і цішыню.
Маркотны ён ці зухаваты
Штодзённа моліцца агню,

Які гарыць ад рання ў печы,
Які ёсць роднай хаты Дух.
Кот – сябра верны і найлепшы.
Кот – самы добры ў свеце Друг.

Эгіпет, сонечны Эгіпет!
Нязводны Ніл, гартаннасць слоў!
Мой самы сонечны эпітэт
Табе за ўсіх маіх катоў!

12 -26.11.2021

P.S.
Выкарыстанне і распаўсюджанне ў любой форме і ў любым памеры толькі з пісьмовага дазволу аўтара.


Рецензии