Размова з бярозкай

(Памяці мамы)

Ой, бярозка ты мая, дрэўца роднае,
Сумна, мілая, табе, як і мне.
Чую боль я твае песні жалобнае -
Больш не з’явіцца твар маці ў акне.

Ой, бярозанька мая залацістая!
Бач, як восень упрыгожыла стан!
Не пабачаць яе вочы святлістыя
Твой залочаны парчой сарафан.

Сірацінкі, ты і я, дрэўца роднае!
Мы раслі абедзве ў гэтым двары.
Не сустрэць нам гаспадыні лагоднае.
Ты са мной замест яе гавары.

Раскажы мне пра дзянёчкі матуліны,
Што рабіла, якой думкай жыла?
Мы з табой яе любоўю атулены
Нат цяпер, калі так мала цяпла.

Ты адна мяне, бярозачка, слухаеш,
Разумееш, што не ўсім зразумець.
Тваё сэрцайка ўспаміны зварухвае,
У іх памяць, а яна - больш за смерць.


Рецензии