Помню, снег ужо лажыцца...
Светлай памяці Аляксандры Навумаўны Барбашынай,
цёткі Сашы
Помню, снег ужо лажыцца,
Мне і цётцы не сядзіцца:
Хоць і холадна, ідзём
Перакопваць бульбу днём
На калгаснае на поле.
У зямлі яе даволі!
Дзе камбайн узяў вышэй,
Там капай яе глыбей!
Капанічым, што ёсць моцы,
І збіраем бульбу ў кош,
У кусты ля лесу носім,
Хоць і цяжка, але што ж!
Не было зямлі даволі,
А свіння вішчыць, хоць рэж!
Вось і цягнеш бульбу з поля,
На гарбе мяшок той прэш...
А як едзе Сімановіч
На машыне, дык сядзім
У кустах, бо той як зловіць,
Дык і рады не дадзім!
Зараз вуліца завецца
Ў яго гонар, а тады,
На каго, было, нарвецца,
Дык не збавішся бяды!
Хоць гніе картопля ў полі,
Не бяры - такі закон!
Старшыня суровы, волі
Не даваў нікому ён!
Як сцямнее, дык на спіну
Бульбы мех, - які ж тут грэх?
Цётка прэ, і я не кіну,
Хоць і цяжкі з бульбай мех...
А назаўтра, як збірае
Цётка Саша малако,
З хаты зноў мяне гукае:
"Мо наносім буракоў?
За Свістком рассыпаў трактар.
Юрка, два мяшкі бяры!"
А ў мяне такі характар:
"Добра, цётка, хоць і тры!"
Цётка сіўку запрагала
І бітонаў везла воз.
А як хто здаваў замала,
Дык такі і сенакос!..
Старшыня не дбаў аб людзях,
У Вярхоўны лез Савет...
Так было, і ёсць, і будзе,
Бо стаіць на гэтым свет...
Крочым разам з цёткай Сашай
Мы па бульбу за двары...
Сімановіч як пабачыць,
Дык і чорт яго бяры!
07. 01. 2025 г.
Свидетельство о публикации №125010706730