Свой куток
Леанід ПРАНЧАК
Пакручастая сцежка
Праз надрэчны гушчар.
Ведзьма* – соннай усмешкай
Мне ўглядаецца ў твар.
Крыж за вёскай жалезны
Пахіснуўся, панік.
Хрыплы голас балесны
Больш падобны на крык.
Я даўно ўжо змірыўся
З тым, якое жыццё.
Я прасіў, і маліўся...
Зараз толькі ныццё
Засталося ад болю
Развярэджных ран.
Мне б цяпла і спакою
І нямулкі дыван.
Стынуць мокрыя ногі
На адліжным шляху.
Я здарожыўся трохі
На жыццёвы вяку.
Кінуў хату і поле,
Не засеяў раллю,
Бо шукаў тую долю,
Што душой палюблю.
Летуценнік наіўны,
Свой пакінуў парог,
Каб пабачыць Айчыну
На развілцы дарог.
Думаў, захад – ратунак,
А калі паспытаў,
Хлеб чужы не ласунак.
Мне ён не смакаваў.
Як на ўсход мне падацца,
Што вярнуся не факт.
Па сумётах бадзяцца
Гіблай рызыкі шмат.
Поўдзень вабіў красою,
Ды трывожыў агнём,
Горам, жалем, бядою,
Што ўвайшла ў кожны дом.
Я падаўся на поўнач,
Дзе гілі-снегіры.
Паслізнуўся і потырч
Грымнуў з лысай гары.
Што ж тады застаецца,
Дзе Айчыны выток?
Сэрца грэшнае рвецца
У бацькоўскі куток,
Дзе і сцюжна і люта,
Дзе бярозавы дым,
Там, дзе маленства прыкута,
Ці прывязана чым
Да разбітае сцежкі,
Да буслова гнязда,
На балотнай купешкі,
Да зуброва сляда.
Свой куток мне няцёмны
Пры святле арабін.
Бо я тут не бяздомны,
Бо я тут не адзін.
Ох, мая ты радзіма,
Дзе твой казачны лек?
Ты, як мроя-жанчына,
Што шукаў цэлы век.
Ты, як маці-матуля,
Што любога мяне,
Прыгалюбіць, прытуліць,
Словам не папракне.
Ты, жывая крыніца,
Што нязводна бурліць.
Колькі піць – не напіцца,
Смагу не наталіць.
Ты, як лісце таполі
На вясковых кладах,
Што праз далеч міжволі
Асвятляе мой шлях.
Шлях дадому, дахаты
У гаркавай жальбе.
Шлях да мамы, да таты.
Значыць, і да цябе,
Той Айчыны спрадвечнай,
Дзе жыццё і любоў.
Змалку, прысна і вечна
Аж на векі вякоў,
Як малітва хрыстова,
Як каханай ладонь,
Як матуліна слова,
Як нязгасны агонь!
04.01.2025
Свидетельство о публикации №125010402646