Залежнасць
леанід ПРАНЧАК
Дыпціх*
1.
О, як мне абрыдзелі
Гэтыя вершы!
Кажу гэтак я
Ні апошні, ні першы.
Нясцерпная прага
Аддацца на волю
Каханню, блуканню
І алкаголю.
Прамая залежнасць
Ад рыфмы і рытму.
Кіпіць, не змаўкае
Нябачная бітва
У думках, у снах,
У радках адмыслова:
Я носьбіт, я раб
Беларускага слова.
Гатовы служыць яму
Я за нічога.
За рэдкія хвілі
Трыумфу нямога,
Каб толькі спазнаць,
Як пашчасціць, аднойчы
Высокае шчасце
Бяссоннае ночы,
Калі мне дыктуе
З вышыняў нябесных
Нязможаны дух
Выкшталцоныя песні.
Дыктуе, а я,
Аблыселы да плешы,
Пішу нечытэльна,
Ні піўшы, ні еўшы.
Запісваю спехам,
Хоць мне невядома
Чый голас я чую,
Адно хіба мова
Тутэйшая,
Нашыя
Гукі і сэнсы.
З-пад Ляхавіч ці
Мо з-пад рэчкі Арэсы.
Калі ж ціхі голас
Раптоўна заціхне,
Абудзіцца ў садзе
Зялёная вішня.
А я, апустошаны,
Спраглы адхлання,
На дол упаду
І засну да світання.
2.
О, як мне абрыдзелі
Гэтыя вершы!
Да іх прывыкаеш,
Нібыта да рэчы.
Яны, нібы кроў,
Як пульсацыя сэрца.
Радок, як уюн,
Выгінаецца-ўецца.
А я ўслед за ім,
Вытвараю кульбіты.
Адчуць і злавіць,
Бы адпіць акавіты,
Адзінае слова,
Якое жывое,
Спрабую на смак,
Бы яно залатое.
І так да знямогі,
Да рэзі ў вачніцах,
У зорах нябёсы
Ці ў жоўтых сініцах
Ужо не адрозніць,
Бо розніцы мала.
Адзінае слова
Было і прапала.
За хвост ухапіў,
Думаў сіняя зорка.
Расціснуў руку,
А ў руцэ толькі пёрка.
Вялікая мука і кара
На справе
Блукаць і шукаць
Як іголку ў атаве,
Найлепшы свой верш,
Што без падхалімажа,
Які табе
Голас з нябёсаў падкажа.
Ты хочаш не хочаш,
Ніхто не пытае,
Пішы, покуль сэрца,
Гарыць і згарае.
Расплаўнены воск
Спачуванняў і цноты.
Жаданне адно:
Цеплыні
І пяшчоты.
Застацца рабом
Беларускага слова.
І верыць яму, як сабе,
Стапудова.
Затраўленым зверам
Выглядваць з пустэльні.
Выць з роспачы і
Жыць, нібы на патэльні.
Аглухнуць, знямець,
Адгарэўшы да рэшты.
...О, як мне абрыдзелі
Гэтыя вершы!
20.12.2023
*Дыпцix — твop, якi cклaдaeццa з двyx чacтaк, aб’яднaныx aднoй aўтapcкaй зaдyмaй.
P.S.
Публічнае выкананне і распаўсюджванне па-за ФБ (Мета) магчыма толькі з пісьмовага дазволу Аўтара.
Свидетельство о публикации №124122002617