1. Александрынка
Яна была яшчэ зусім дзяўчо,
Калі ў сяло наехалі чужынцы.
З матуляй, калі ўстане - па плячо,
У сукенцы паркалёвай і касынцы.
З касою туга сплеценай, як смоль,
А вочы? - Паўтаралі колер неба.
У поглядзе - здзіўленне, страх і боль…
Дзіцячае з пад лобу: «Што ім трэба?»
- Чаго сюды прыйшлі? Знішчаць, страляць?
- Мы хіба на Зямлі тут ім - не людзі?
- Як маці іх паслалі забіваць?
І хіба на касцях ім шчасце будзе?
Пытанняў без адказаў шмат было
І думак супярэчлівых з дакорам…
На сход пад клуб сагналі ўсё сяло -
Парадак свой навязваў немец горам.
Будынак школы занялі пад штаб.
Крыж свастыкі чарнеў каля ўваходу.
Ссяклі на дровы дрэўцы дуб і граб,
Што сустракалі вучняў год ад году.
І зачытаў цыбаты фрыц загад,
Што зараз тут улада іх, германцаў,
Яшчэ, што будзе старастам Ігнат
І ўсе павінны слухацца паганцаў.
Александрынка слухала, як чад,
Як быццам гэта сон трывожны ў ночы,
Лавіла фрыца жудасны пагляд,
З трывогай заглядала маме ў вочы…
На школу паглядала, як шкада,
Што больш не празвініць на ўрок званочак!
Прыйшла, як нечаканы госць, бяда
І засмуціла бляск дзявочых вочак.
Не давядзецца ёй пабачыць клас,
Не пагартаць і кніжку ля газоўкі.
Іх лёс цяжкі ваенны выбраў час -
Вайна, расстрэлы, бомбы, галадоўкі…
Не да навук, настаўніц не знайсці.
Мужчын яшчэ раней на фронт забралі.
Дырэктар мусіў "у лясы” сысці,
Партыйны быў, да партызан, казалі.
Сям’я яго за тыдзень да вайны
Да родзічаў у Слонім падалася -
Падлеткі - два ягоныя сыны -
Васіль з Пятром, дачка і жонка Кася.
Александрынка змыла з твару пот.
Вада ў вядры была, студзёнай смачнай.
Прыгнуўшыся, прабегла ў агарод -
(з яго так пералесак добра бачны!)
А там за пералесачкам - лясы.
Напэўна ў іх і знойдзе партызанаў.
Пад хустачку схавала валасы,
Як некалі бабулька яе Ганна…
Цяпер няма бабулі ўжо тры дні.
Сабой ад кулі засланяла маці.
Застаўся бацька ды браты з радні.
На фронце тата. Дзе братоў шукаці?
Як толькі немцы сталі заганяць
Мясцовых юнакоў у паліцаі,
Яе браты пайшлі атрад шукаць
Не бачылі іх больш у гэтым краі.
Налічвала сям’я іх шэсць ратоў -
Бабуля, бацька, маці іх, Галіна,
Міхаська - сын (старэйшы з двух братоў),
Найменьшая - яна, Александрына.
Так называла мамачка яе,
Лагодна тата клікаў - Лександрынка,
А Шуркаю - астатнія, свае,
Вяскоўцы, аднакласніца Марынка…
З Марынкай у апошнія гады
Александрына шчыра сябравала.
Наведвала з ёй лес сяды-тады -
То травы, а то ягады збірала…
Было грыбоў увосень - хоць касі -
Грузды, зялёнкі, польскія, радоўкі…
У рэчачцы вяліся карасі.
Лес не даваў памерці з галадоўкі.
Які прыгожы беларускі край!
Якая разнастайная прырода!
Такое хараство! Зямельны рай!
Чаго вось толькі варты поры года!
Вясна і лета, восень і зіма -
Жыцці чатыры - кожнае чакаеш!
Якое любіш больш? - Яго няма! -
Усе чатыры любіш і прымаеш!
Здзіўляешся заўжды, як першы раз -
І першаму сняжку, і грому ў маі,
І стужачцы вясёлкі, што падчас
Вісіць пасля дажджу над летнім гаем.
- Няўжо ў жыцці дарэмна ўсё было?
Дзяўчынка прытаілася ля плоту.
Трывожны гук данёсся… Праз сяло
Матацыклісты везлі кулямёты.
- Біць партызан! - Як варам апякло.
- Дык вось навошта фрыцам столькі зброі!
Франты далёка, тут жа тыл, сяло -
Жанкі, старыя, дзеці ў ім - не воі.
Александрынка кінулася ў лес.
Дабегла, аглянулася - нікога…
- Які тут рай, як быццам уваскрэс! -
Як зайчык, пераскочыла дарогу
І падалася ў царства траў і дрэў,
Кустоў ядлоўцу, зарасляў маліны…
Як бацька родны лес яе сустрэў -
Тулілі сосны, ласцілі яліны.
Лясы! Лясы! Наш беларускі скарб!
Без мора пражывем, без дрэў наўрад ці.
Сябе не ўявіць ні адзін жыхар,
Без гэтага сапраўднага багацця.
Дзяўчынка бегла, йшла далей, глыбей…
То гушчары, то рэдкія прагалы.
Насвістваў песню ў лісці салавей,
Павольнеў крок, дрымота набягала.
Стамілася, пад елкай адпачыць
Прысела… Сонца знікла. Вечарэла…
Як час, калі спяшаешся, бяжыць!
Так пад кустом заснула, як сядзела… (Працяг будзе)
Свидетельство о публикации №124120200139