Пазрывала вятрамi лiстоту на жытняе поле...

Пазрывала вятрамі лістоту на жытняе поле,
Пакасіліся долу крыжы у вясковых магіл,
Прабіваецца холадзь у хату, кранае з падполля,
А на вокнах узорамі іней жыццё засланіў.

Нерухома ляжыць на узбочыне збітая котка,
Лісце скрыла амаль яе шэрую, мокрую поўсць,
Мінакі не зважаюць, іх дужа даймае дрыготка
І апошні аўтобус, што міма прыпынку прапоўз.

На нараду збіраюцца птушкі у вежы касцёльнай,
Весці рэй безумоўна ізноў распачнуць груганы,
Пакружляюць над вежай і каб не пазбавіцца волі,
Уляцяць падалей да калісьці магчымай вясны.

Над вялікімі торпамі рознага смецця і хлуду
Падымаецца дым і сягае у шэрань нябёс,
У разбэшчаным месцы і душы запэцканы брудам,
Ім не стацца бялей- гэтым сумным, змарнелым прыблудам,
Хаця вецер багата ад раніцы снегу прынёс...


Рецензии