Стомлены птах

СТОМЛЕНЫ ПТАХ
леанід ПРАНЧАК

Боль сэрца, самота вачэй...
У цемені ночы і ў горы
Святло родных вокнаў ярчэй
За ўсе паднябёсныя зоры!

Дзе б я не бадзяўся ці жыў
Далёка ад роднага гаю,
Нічога я больш не любіў,
Чым смутак па роднаму краю.

Я ў ростані згадваў не раз
Іржавы ліхтар над парогам,
Стары дажываючы вяз,
Сабаку пад леташнім стогам.

У хату маленства майго
Прыходжу, нібы да прычасця,
Да сцежак, крыніцаў, лугоў,
Дзе стрэў сваё першае шчасце.

Гляджу і чакаю, калі
Зацепляцца шыбіны ў хаце,
Каб цені ў акне ажылі,
Каб селі за стол бацька з маці.

Мне б толькі на іх паглядзець,
Бо сэрца з такое нагоды
Балела і будзе балець
Па тым, што згубіў назаўсёды.

Ні хаты няма, ні бацькоў,
Адны толькі думы ды слёзы,
Магілы ды поле аўсоў,
Дзе пасвяцца нечыя козы.

Бярозы мае не шумяць.
Пасеклі суседзі на дровы.
Каму тут цяпер прамаўляць
Мае сіратлівыя словы?

Самотнаму ветру ў дубах?
Пахіленай бурай павеці?
Ці небу, дзе стомлены птах,
Шукае хоць што, каб прысесці?

Хай сядзе на плечы мае,
Пакуль мяне ногі трымаюць,
Пакуль яшчэ сілы стае
Тужыць мне па роднаму краю.

А як перастану тужыць,
Па тым, што схавалася ў дыме,
Тады і не варта мне жыць
Без вечнай тугі па Радзіме.

09.07.2022


Рецензии