Гэты горад забыу як жыць...

Гэты горад забыў як жыць,
Манатоннасць ў вушах захрасла,
І сабака кудысь бяжыць
Падалей ад пакут заразных...

Падалей ад няўдалых стрэч,
Ад няздзейсненых пацалункаў,
Што зламалі чыгун парэнч
І зваліліся з моста клункам...

Паплылі у далёкі шлях,
Як калісьці з варагаў ў грэкі
На трывалых сваіх чаўнах,
Дзе у моры знікаюць рэкі...

Дзе у раны трапляе соль,
Дзе за хваляю бераг новы,
За гарамі пакінуць боль
Ў сіняй гавані ціхай поўні...

За гарамі і штыль, і ціш...
За гарамі не бачна гора...
Але ты ўсё адно стаіш
І нібыта наскрозь глядзіш,
Як ўначы дагарае горад...


Рецензии