Каханка, што кахае за рублi
КАХАНКА,
ШТО КАХАЕ ЗА РУБЛІ
леанід ПРАНЧАК
Паэзія – душа маёй душы,
Залежнасць невылечная і мука,
Надрыўны крык у стоенай цішы,
Ты асалода, катарга, прынука.
Каханка, што кахае за рублі.
Нязгаслы прысак у глухім сутонні.
Ты шал маёй раз’ятранай крыві,
Што гулка б’е ў няголеныя скроні.
Нявольніца прыдуманых высноў,
Мая мітрэнга, хісткі паратунак.
Бясконцая, нібы туга, любоў,
Гарачых вуснаў прагны пацалунак.
Давер неверагодны і наіў,
Пах чорных літар на сырой паперы,
Напой Багоў, які нагбом я піў,
Пакуль не знемагаўся, ап’янелы.
З-пад лавы бражка – афрадызіяк,
Туманны золак, морак цёмнай ночы.
Дзе я ўжо аніякі не Пранчак,
А толькі цень жахлівай патарочы.
Паэзія!
Завошта пакараў
Мяне цярплівы Бог такой спакусай,
Каб я нічога іншага не знаў,
Апроч цябе, прывабнай дзеўкі русай.
Прыгожы і наўмысны мой падман,
Таемных сноў нябачныя мярэжы.
Ты – Кабала, Евангелле, Каран.
Нябёсы, дзе знікаюць сэнсу межы.
Нявольнік я, звычайны паслугач.
На большае даўно надзею страціў.
Ты мой ахрыплы і збалелы плач,
Ты мроя мрояў аб магчымым шчасці.
Маё бяссонне, мой нервовы сон,
Са мной ты ўсё, што хочаш вытвараеш.
Цябе я ненавіджу, ты гамон.
Украла душу і не адпускаеш.
Разваг і думаў ненадзейны спрат.
Але з табою, як ні з кім, салодка.
Ты смага неспатольная. Ты кат.
І толькі зрэдку – ласкавая котка.
Скрыпучы шлях на свежы эшафот.
Асколкі шкла, раскіданыя словы.
Ты цынамона, мускус, бергамот.
Кляновых лісцяў колер бурачковы.
Паэзія – душа маёй душы,
Чужая воля ты і сэрца смута,
Надрыўны крык у стоенай цішы:
Ты пакаранне, помста...
Ты – пакута!
14.11.2024
Свидетельство о публикации №124111406441