Дарога да небакраю

ДАРОГА ДА НЕБАКРАЮ
леанід ПРАНЧАК

Дарога да небакраю
Да з’едзеных мохам ліп.
Жыву я і паміраю,
Дзе моўчкі, а дзе ва ўсхліп.

Хоць што галасіць?
Дарэмна.
Пачуе хіба што золь,
Што сыпле тугой нядрэмна
На мой незагойны боль.

Знікае жыццё, нібыта
За Ведзьмай кароткі дзень.
Пасеяў я ў полі жыта,
Зняможаны, нібы цень.

Надрыўнае сэрца ные,
Што зробіш, як час такі.
Тут грэшныя і святыя
П’юць воды з адной ракі.

Я тут не адзін чакаю
Свой човен у лепшы свет.
Жыву тут і паміраю,
Знябыты за век ушчэнт.

Змірыцца б,
Сцярпець, не енчыць.
Маўчаць, нібы на крыжы.
Ці ў горкім адчаі ўкленчыць
На вогкай раллі мяжы

І рукі да неба:
Бог мой,
Мой лепшы сябра, які
Не чуе балесных вохкаў,
Да просьбаў маіх глухі,

Пачуй, не адрынь, памілуй
Альбо адбяры свой дар,
З душы ля сырой магілы
Здымі з мяне свой цяжар.

Цяжар той, як сум, неадольны.
Напэўна, ён, як праклён.
Я выдумаў сам, што я вольны,
За волю прыняў палон.

Вось так і жыву, палонны.
Палонны так і памру,
Зацяты і беззабаронны,
Адданы на здзек пяру.

Варонаў крыклівых згараю
Вятрыска ліхі нагнаў.
Жыву я і паміраю,
Як кожны тут паміраў,

Хто жыў на зямлі няцвёрдай
З балотамі па краях,
Пакорлівай і нягордай,
Са сполахам у вачах.

Я ведаю сам, што грэшны,
Што жыў і любіў наспех,
Што песні мае і вершы –
Мой самы вялікі грэх.

12.11.2024
4 гадз. 46 хвіл.




 


Рецензии