Гусляр
Леанід ПРАНЧАК
Раманс
Пасля дарог, блуканняў і абсенту,
Пасля бясконцых сцюжаў і забаў
Знайдзі мяне, стамлёнага дашчэнту,
Сагрэй цяплом, якога я не знаў.
Не асуджай бязлітасна і строга,
Забудзь, калі сказаў не тое штось...
Знайдзі мяне, пакутніка былога,
Прымі мяне такім, які я ёсць.
Славуты гусляр з-пад Ляхавіч,
Дзе секліся шведы з ляхамі,
Стаяў на пустынным котлішчы
Былога маёнтка бацькоўскага.
Спяваў ён...
І песні птахамі,
Ляталі па небе латамі --
Паданнямі несмяротнымі
Ад Фёдара Еўлашоўскага.
Прыйду к табе з апошнім спадзяваннем
Па мёрзлых кветках, па жывым лісці...
Сагрэй мяне, прашу, сваім каханнем
І анікуды больш не адпусці!
Аблудны сын, здарожаны вандроўнік,
Схілю ў пакоры вочы да зямлі.
Даруй альбо, як восеньскі бульбоўнік,
Адным-адзіным словам спапялі!
Славуты гусляр з-пад Ляхавіч,
Дзе секліся шведы з ляхамі,
Стаяў на пустынным котлішчы
Былога маёнтка бацькоўскага.
Спяваў ён...
І песні птахамі,
Ляталі па небе латамі
Паданнямі несмяротнымі
Ад Фёдара Еўлашоўскага.
06.11.2024
Свидетельство о публикации №124110602768