Хоць i рэдка снiцца тата...

***
Хоць і рэдка сніцца тата,
Ды ніколі - на бяду...
Бачу зноў я сад і хату,
Нашым поплавам брыду,

Дзе каліны куст палае,
Дзе ў алешніку - ручай,
Дзе бярэзіна сухая
І апенек жоўтых рай,

Дзе мяне сустрэне тата:
"Пойдзем, сынку, па грыбы?
Зараз курачак багата,
І да лесу - крок хадзьбы..."

"Пойдзем, тата!" Разам крочым,
Бацька кошык свой нясе
І глядзіць мне прама ў вочы,
Усміхаецца... у сне.

06. 11. 2024 г.

Курачкамі ў нас называлі радоўкі шэрыя, падзялёнкі. - Заўвага аўтара.


Рецензии