Разам з восенню-лiсiцай...

***
                          Памяці таты

Разам з восенню-лісіцай
Да крыніцы прыпаду.
Лісце падае, іскрыцца,
Восень прагна п'е ваду

З чорнай чаплінскай крыніцы,
Што калісьці бацька мой
Чысціў, каб пілі вадзіцу
Чыстую з крыніцы той.

Зруб зрабіў, павесіў коўшык
На алешыну над ёй.
Чалавек, відаць, харошы
Быў нябожчык бацька мой.

Разам з восенню-лісіцай
Да крыніцы прыпаду...
Хоць і рэдка тата сніцца,
Ды ніколі - на бяду.

05. 11. 2024 г.

Чаплін - пасёлак, у якім я нарадзіўся. - Заўвага аўтара.


Рецензии