Пачвара

Нашто было прыкручваць разуменне
Да тушы, што на метр не спіхнуць?
Навошта ёй пакуты і натхненне,
Уменне песні незямлі расчуць?
Навошта цуды: думкі, слова, мары?
Нашто магчымасць уявіць палёт?
Ядуць, катуюць рэчывы пачвару,
Што цягне ў неба пысу, пысай — крот.
Дрыжыць струна і працінае болем,
Не дацягнуцца, не сцішыць той гук:
Пачвара не валодае ні воляй,
Ні дастатковай даўжынёю рук.
А хтосьці прыгажосці ў ёй шукае,
А хтосьці верыць: аджыве рака...

Пачвара моўчкі вершыкі складае,
Чакаючы апошняга радка.


Рецензии