Касцёр кахання

Вечаровая ціш
Туманом па-над рэчкай павісла.
Дагарае касцёр,
Які слухаў размовы жыцця.
Зоркі з неба глядзяць
На цябе і павольную Іслач,
Быццам хочуць сказаць,
Што ў сустрэчы той будзе працяг.

Я падслухаў, як ноч
Табе штосьці таемна шаптала.
Размаўляла ты з ёй,
І ўсміхалася, нібы дзяўчо.
Я глядзеў на цябе,
І прасіў, каб маёю ты стала.
З неба месяц свяціў
На твае валасы і плячо.

Спі, каханая, спі! --
Нам яшчэ сустракаць разам золкі,
І лічыць кожны дзень,
І распальваць штовечар касцёр.
Я хачу, каб твой сон
Расквітнеў, як на лузе рамонкі,
Каб кахання таго
Аніхто з нашых сэрцаў не сцёр.

06.01.2021.


Рецензии