Рыдлёукай капалi зямлю...
Капалі магілу маю,
Струменіўся пот па ілбах,
Зямля прадчувала прах...
Прынамсі цнатлівы грунт,
Яшчэ не капалі тут,
Навокал лясы, палі
І волкі квадрат ў зямлі,
Ці мо не зусім квадрат...
За спінай шапоча кат
І сыкае бы змяя
Каля трупянога пня,
Ў патыліцу ткне абрэз
І зрыне нябёс навес,
І вочы ўваткнуцца ў дол,
А зверху паставяць кол.
Нібыта зламаны крыж
Ён будзе стаяць паміж
Здзічэлых былых палёў,
Каля векавых камлёў.
Ў зямлі пахавалі прах,
А разам і боль, і страх.
І боль безумоўна мой,
А страх пахавалі свой...
Засыпаць, прымяць, забыць,
У храме душу адмыць,
Падаць жабраку манет,
І смачны спажыць абед,
Пад'есці, запіць, паспаць,
Пасля адпачынку ўстаць,
Засунуць у бот абрэз
І зноўку на працу ў лес.
Чакаючы ўзнагарод,
Рука паціскае бот...
"Цудоўны сягоння дзень...
Ды сонца занадта ужо прыпякае,
Патрэбна схавацца ў цень..."
Свидетельство о публикации №124102003578