Скiдаюць бярозы лiсты залатыя...
Скідаюць бярозы лісты залатыя,
Калі прабягае па голлі мароз.
Я вершамі дні запаўняю пустыя
Сярод распранутых вятрамі бяроз.
Расхлістаны клён мяне жальбай страчае.
Я смутак такі раздзяляю, маўчу.
Бо толькі тады яго хтось заўважае,
Калі ён сябе апранае ў парчу.
З расхрыстаным сэрцам гляджу на бярозы,
На лозы сівыя, аголены клён,
Бо сёння юнацтва далёкага крозы -
Адно толькі лісця апалага скон.
Звініць тое лісце - яшчэ залатое,
Калі серабрыць яго першы мароз.
А крозы даўно - летуценне пустое
Сярод маразамі кранутых бяроз.
20. 10. 2024 г.
Свидетельство о публикации №124102003337