Спатканне

У нашым спатканні было шмат цікавых загадак:
Прыпынак, залева і восеньскіх фарбаў настрой.
Кляновы лісток, што кружыўся ў паветры і падаў,
Цябе называў маёй пані, а потым сястрой.

Я пільна ўглядаўся на пожню, на ўскраіну вёскі.
Шукаў сярод фарбаў штось роднае сэрцу, сваё...
Кружылі ў нябёсах не птушкі -- надзей адгалоскі,
Яны напаўнялі ўспаміны да самых краёў.

Ты моўчкі сядзела, а потым раптоўна спытала:
Прабачце, а Вы стаіцё на маршрутку, на Мінск?
-- Вядома на Мінск.
-- А я свой аўтобус праспала.
-- Прычына таму --  не хвароба, паніжаны ціск.

У гэтым прызнанні гучала вясковая шчырасць.
Той голас-званочак пачуцці мае абудзіў.
Убачылі вочы насупраць паненку-жанчыну.
Адчула жанчына, што я ў грэшным свеце -- адзін.

Пасля -- да сталіцы вялі мы размову, бяседу.
Узгадвалі школу, вяскоўцаў, знаёмых, радню...
Дзяўчынка, якую раней я маленькаю ведаў,
Смяялася гучна спатканню, знаёмству і дню.

24.09.2024.


Рецензии