Намалюй мне жыццё
Намалюй мне жыццё,
Каб расквеціўся колер свабоды.
Падаруй мне той дзень,
Што ўглядаецца ў вочы твае.
Дагарае касцёр,
А я ў ім адчуваю твой подых
І святло тых надзей,
Ад якіх маё сэрца пяе.
Беларуская ноч
Разам з намі сягоння гамоніць.
І плыве туманом
Па-над хвалямі плыннай ракі.
Ты яе не суроч! --
Гэта вольных надзей прынямонне
Адбівае крылом
Беларускага неба блакіт.
Фарба светлых надзей
Над рамонкавым лугам іскрыцца.
Адбіваецца дзень
У бурштынавых кроплях расы.
Як раса ападзе --
Яе позірк ізноў разгарыцца,
Калі ў чыстай вадзе
Ты намочыш свае валасы.
Намалюй мне жыццё,
Каб расквеціўся колер свабоды.
Падаруй мне той дзень,
Што ўглядаецца ў вочы твае.
Дагарае касцёр,
А я ў ім адчуваю твой подых
І святло тых надзей,
Ад якіх маё сэрца пяе.
01.10.2020.
Свидетельство о публикации №124101502678