Брамник
Стары абапёрся...
— На кій?
— На вясло.
Ён цягне далонь у маршчынках.
Змяняюцца твары, нібыта за шклом.
Нос зморшчаны, быццам разынка.
— Твае дакументы, — бяззлобна сіпіць,
— Далей без папер няма ходу.
Стары ў чаканні насупраць стаіць.
Ад хвалі пацягвае лёдам.
Знаёмае месца.
Знаёмы стары —
Па гульнях. Па міфе. Па казцы.
— Ты сон. Твой сусвет павярну дагары!
Не буду ў квэсты гуляцца.
Заплюшчваю вочы — да іншага сну
Вярнейшы з усіх пераходаў —
І пад капюшон заглядаю яму:
— Няўжо і цяпер няма ходу?
Вялізныя вочы. Нябесны блакіт.
І слёзы стаяць, што азёры.
— Матулечка, хопіць уцёкаў з гульні.
Ты толькі адцягваеш гора.
Са здаўленым стогнам я мелка дрыжу:
— Дзіцятка, няўжо паміраю?
Празрыстыя кроплі ці слёз, ці дажджу.
Дзіця галаву нахіляе.
— Нарэшце, дачушка. О, дзякуй табе!
Ратуеш старую ты гэтым.
Намацаўшы больш не пустую кішэнь,
Кладу ў далоньку манету.
Свидетельство о публикации №124100703373