Шауковыя рукi i плечы
леанід ПРАНЧАК
Шаўковыя рукі і плечы,
Нарэшце, бы ў сне: я і ты.
Да дрыжыкаў радасць сустрэчы,
Узрушанасць – да нематы.
Як ты расцвіла непрыкметна
Высокай жаночай красой!
Так хораша, радасна, светла
Знаходзіцца побач з табой.
Збянтэжана ёкае сэрца
І пульс беспрычынна часціць...
Мой страх, што каханнем завецца,
Мне болем калючым баліць.
Бо я, як ніхто, разумею
Дарэмнасць майго пачуцця,
Ну, што тут паробіш: старэю
І слабну пакрыху, хаця
Гляджу неўтаймоўным паглядам
На цуд паўадкрытых грудзей.
Ох, быў бы апошнім я гадам,
Каб я ды на іх не глядзеў!
Такая натура мужчыны
І ў дваццаць, і ў шэсцьдзесят пяць:
Шукаць і знаходзіць прычыны,
Каб дзёрзкасць сваю апраўдаць.
Я ведаю, што непрыстойна
Гляджуся з-за боку, як хам.
Але ж так пажадліва-мройна
Маім блізарукім вачам.
Я іх хітравата прымружу,
З уяўнага гора ўздыхну.
І белую росную ружу
Табе з-за спіны працягну.
Маё неацэннае шчасце
Стаяць хлапчуком прад табой,
Каб звялым пялёсткам упасці
На туфлік сярэбраны твой.
21.09.2024
Свидетельство о публикации №124092201297