Восем лiтар
леанід ПРАНЧАК
Здратаванага свету майго
Ты жывая палова.
Ты любові агонь,
Ты самоты маёй забыццё.
Беларусь!
Ты з усіх
Найраднейшае самае слова!
Восем літар,
А ў іх –
Умясцілася цалкам жыццё.
Вежы замкаў старых,
Спелы ранішні бор напрадвесні,
Гоман пушчаў і рэк,
Вольны вецер асенніх палёў...
Суцяшаюць мяне
Манатонныя сумныя песні,
Ацаляе мяне
Непахісная ў часе любоў.
Я каханне сваё
Не расстрос на крыжовых дарогах,
Я жанчыну сваю
Не аддаў у абдымкі тугі.
Беларусь,
Ты ўва мне, як пяшчота,
Журба і знямога.
Як калінавы гай,
Што згарае ў залеве смугі.
У нязнаных краях
Мне з віхлястага шляху не збіцца.
Я вярнуся дамоў
Сцюжным лютым ці ранняй вясной
Да бацькоўскай страхі,
Да нядрэмнай, як памяць, крыніцы,
Да сцямнелых акон
Пад сцішэлай, як сэрца, вярбой.
Праляцела жыццё.
Я стаміўся па свеце бадзяцца.
Незабытай жанчыне сваёй
Прашапчу: Выбачай,
Я кахаю цябе,
А люблю і любіў да вар’яцтва
Гэты белы, як снег,
Мой бясконца зажураны край.
Здратаванага свету майго
Ты жывая палова.
Да цябе цэлы век
Я праз горыч расстаняў ішоў.
Беларусь!
Ты з усіх
Найраднейшае самае слова.
Восем літар,
А ў іх –
І каханне маё і любоў!
01.09.2024
Свидетельство о публикации №124090102392