Блукаць па лесе, збiраць грузды...

***
Блукаць па лесе, збіраць грузды,
Духмяны жнівень грудзямі піць...
З дзяцінства многа сплыло вады,
Але дзяцінства мне не забыць...

Калісьці гэтак блукаў па лесе,
Ў сасновы кошык збіраў грыбы.
Ў душы гучалі матывы песень,
Звінелі жнівеньскія дубы.

А жалуды засыпалі сцежку.
На ўзмежку лесу сядзеў, глядзеў,
Дарыў каліне сваю усмешку
І разам з ёю пра штосьці пеў.

Вілася сцежка з Залесся ў Чаплін,
Вяла паўз могілкі праз масток.
Глядзела пільна з балота чапля,
І нараджала душа радок

Пра жалудок, што паклаў у кошык,
Пра дуб магутны, што так звінеў...
Перабягае дарогу вожык,
А вось і сад наш, а вось і хлеў...

Блукаць па лесе, збіраць грузды,
Духмяны жнівень грудзямі піць...
З дзяцінства многа сплыло вады,
Але дзяцінства мне не забыць...

27. 08. 2024 г.


Рецензии