Балада пра фальцэт
леанід ПРАНЧАК
На рыштаваннях хісткага Сусвету
Шукаю сэнс жыцця не ўпершыню.
І ў тым няма ніякага сакрэту:
Люблю людзей і веру ў дабрыню.
Усё, як след.
Хоць і не ўсё ўдаецца,
Ды не аб тым турбуюся спярша,
Яснеюць вочы і цішэе сэрца,
Калі пяшчотай поўніцца душа.
Душа мой сорам і маё сумленне,
Па сутнасці, яна – усё , што я
Пражыў за век, нібыта за імгненне,
Кароткага зямнога жыція.
Увесь мой свет, усе мае жаданні,
Мелодыі і песні да адной.
Адчайная мальба аб ратаванні,
Начэй і дзён адвечны неспакой.
Душа – дыханне Бога ў тленным целе,
Святло пяшчоты, роспачы вуглі,
Забраць хацелі і купіць хацелі
Цябе ў мяне дзялкі і куркулі.
Я не прадаў! Не за якія грошы.
Я не прадаў,
Хоць быў бы рад рублю.
Душа мая – любоў, а не любошчы.
А я жыву датуль, пакуль Люблю!
Не-раз, не два ў маім жыцці бывала,
Калі зрываўся голас на фальцэт.
Я замаўкаў, а музыка гучала
І нішчыла мае сумненні ўшчэнт.
Бездапаможны прад вар’яцкім светам,
Я нават не здагадваўся аб тым,
Што ў момант той прыглушаным фальцэтам
Душа спявала голасам маім.
27.08.2024
Свидетельство о публикации №124082702002