Лiст з гета
"Тут будзе устаноўлены мемарыяльны знак
у памяць вязняў Віцебскага гета...."-
надпіс з каменя, які быў пастаўлены ў 1993 годзе...
Мемарыялу няма і дасюль.... 2024 год...
Ты да мяне сягоння не прыйшоў,
Напэўна, любы, ты мяне пакінуў,
Напэўна не убачымся ужо
З табою мы пад новым небам мірным.
Ты не хацеў, каб я сюды ішла,
Казаў, што мы схаваемся абое,
Што на дваіх у нас адна душа
І лёс адзін, і хата, і надвор'е.
Ды я усё ж пабегла да сваіх,
Прабач, але ты разумець павінен,
Я не магла ніяк пакінуць іх
У голадзе і восеньскае стыні.
Пакінуць там зусім адных бацькоў,
Усё ж ткі разам і прасцей, і лепей.
Ці верыш ты, што ўбачымся ізноў,
Калі не зараз, дык хаця на небе?...
Ды не! Не слухай больш! І не прыходзь!
Баюся я, што праз мяне загінеш!
Ад гэтай думкі пачало калоць
У самым сэрцы, што і гэтак стыне.
А сёння нам казалі, што цяпер
Нас выпраўляюць на якуюсь працу,
Таму пішу я гэты ліст табе,
Не ведаю, калі яшчэ прыдасца...
Я так хацела б дакрануцца зноў
Да цёплых рук і валасоў курчавых...
Але заміж цяпельца золь прычала
І дрот калючы замест валасоў...
_______________________________
Каб да цябе яшчэ раз дакрануцца
На уваходзе трэба мне сказаць,
Што "Я - яўрэй!" і зорку паказаць,
І я здалею побач апынуцца...
У немач, у руіны і галечу,
У стогны, голад і атрутны пах
Я прынясу каханне на руках
І хай у гета нас з'яднае вечнасць...
"Жыў да вайны ў Віцебску прыгожы і высокі хлопец Вася Корсак. Было яму гадоў дваццаць пяць. Працаваў ён каморнікам. І жыў з мамай амаль у цэнтры горада ў маленькай чыстай хатцы. Перад самай вайной Вася пазнаёміўся з яўрэйскай дзяўчынай Ідай. Яна працавала рахункаводам. Ёй было тады каля дваццаці. Пяшчотная прыгажосць Іды зачаравала Васіля, і яны ажаніліся. Іда пераехала жыць да Васі, у маленькі пакойчык за печкай. Яны былі самымі шчаслівымі людзьмі на Зямлі. А потым пачалася вайна, у горад прыйшлі фашысты. Іда апынулася ў гета. Вася прасіў яе: «Не хадзі туды. Я схаваю цябе. Ніхто не даведаецца, не знойдзе». «Не магу, - адказала Іда, - там мама, тата, сёстры. Яны падумаюць, што я іх кінула». І яна пайшла. Праз некалькі дзён да яе ў гета прыйшоў Васіль. Просты хлопец, які мог бы абыходзіць гета бокам і не думаць, не ўзгадваць пра яго. Але там была Іда - жанчына, якую ён кахаў. Васіль Корсак застаўся ў гета. Фашысты расстралялі яго разам з тысячамі іншых ні ў чым не вінаватых людзей..." (урывак з кнігі "Хроніка страшных дзён. Трагедыя Віцебскага гета" М.Рыўкін А.Шульман 2004 год)
Віцебскае гета — яўрэйскае гета, якое існавала з 25 ліпеня па снежань 1941 года як месца прымусовага перасялення яўрэяў горада Віцебска і бліжэйшых населеных пунктаў у працэсе пераследу і знішчэння яўрэяў падчас акупацыі тэрыторыі Беларусі войскамі нацысцкай Германіі. Прыблізная колькасць ахвяр каля 20000 чалавек.
Свидетельство о публикации №124081306722