Местачковае

Cтаяла поўня ў залатым капелюшы,
І таньчыў дождж на тоненькіх абцасах,
Пра цуды Свету ведаў ён! Тым часам 
І "па" выкідваў на выбоінах шашы.

Шапталі з поўняй побач знічак дзве душы,
Сустрэўшыся, самотныя, сам-насам,
Ім Млечны шлях, квітнеўшы раз за разам, –   
Быў жыватворны рух, і сам усё вяршыў.

І, мабыць, скажуць фізікі-філосафы:
Тут местачковасць саліпсізма, сэ ля ві,
Што рэк зямных выток, напэўна, з Космаса,
І з Млечнай плынню ўсе ім вусця косы віць...

А знічак душы ўжо зліліся з росамі,
З'яднаўшы з небам код зямлі нам у крыві.

15.07.2024   Ядвіга Доўнар-Кур'яновіч

поўня(бел) – полная луна(рус)
капялюш(бел) – шляпа(рус)
Свет(бел) – Мир, Вселенная(рус)
сам-нАсам(бел) – тет-а-тет, один-на-один(рус)
абцас(бел) – каблук(рус)
знічкі(бел) – падающие звёзды(рус)
плынь(бел) – течение, поток(рус)


Рецензии
А я вось пераканалася ў тым, што пра цуды Свету ведае не толькі дожджык)) яшчэ неверагоднага таленту зямлячка, з лёгкасцю завіваючы ў косы літаркі і слоўкі, атрымліваючы чароўную мелодыю гукаў... Зачаравалі, Ядвіга!

Іду, па кроку-літарке, па кроку-слоўку... Вобразы насустрач і наўкола з вензелем стваральницы.
П р ы г а ж о с ц ь!!! І што прыемна для душы завітаўшай: усё роднае, знаёмае, адпаведна і дакладна названаму, але з вэлюмам казачнага))

Дзякуй за асалоду, Ядвіга, адчула такі "жыватворны рух" вашых думак!
І ад душы жадаю Вам патаньчыць на пляцоўцы "Лета", квіткі яшчэ на ўваход *)

Гарунова Святлана   21.08.2024 10:08     Заявить о нарушении
Ай, Святланачка, гэта так акрыляе, калі квіткі яшчэ на ўваход!!! Асабліва ў жніўні, калі лецейка наша падае ручаньку сваю гарачую сваёй сястры-пераемніцы восені вераснёвай, якая таксама спачатку мае звычайна прыкметы жніўня, і агульныя з ім, але менавіта ўжо пасля Пятра можна ў нейкую хвлінку ранняга роснага ранку адчуць няўлоўны подых восені, а ўвосень, як вядома – работ восем. І спасаўскі ўраджай спарадкаваць, і сялібу з будынкам падрыхтаваць да зімовага існавання, і самой падвесці вынікі летніх спраў, матэрыяльных і душэўна-духоўных, безумоўна!
Вось і прыпазнілася крыху з удзячным адказам на Вашу такую абнадзейваючую рэцэнзію,– цёплую і пяшчотную да сэрца і слыху. І як хораша бывае, калі мы, дарослыя, часам, дзіцячымі вачыма зірнём на навакольны свет... і вось тады і здараецца ўбачыць той самы цуд жыцця нашага: прыгажосць боскай прыроды і мелодыі мовы, слова, роднай зямлі і радасць творчасці сваіх рук і душы. Нездарма ж Мацвей у Евангеллі(18.3) перадае словы Хрыста, каб спадобіліся да дзяцей, калі хочам увысці ў Царства Боскае...
Прыміце, шаноўная, і мае самыя шчырыя і цёплыя пажаданні натхнення на ўсе жыццядайныя віды творчасці Вашай на карысць сабе і людзям, радасці і святла ў кожным месяцы, дні, хвіліне...

Ядвига Довнар   26.08.2024 09:17   Заявить о нарушении
Як жа хораша, як прыгожа, Ядвіга, пра ручаньку лета восені...Як усё па ладных жыццёвых законах няпісаных у прыродзе задумана. Каб жа так і сярод людзей... Без акалічнасцяў палітычных, нацыянальных, вераспавядальных...
Дзякуй за пажаданні! З павагай і ўдзячнасцю да Вас, мудрасці вашай і таленту!

Гарунова Святлана   29.08.2024 09:32   Заявить о нарушении
На это произведение написаны 3 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.