Жанчына, якую кахаю
Леанід ПРАНЧАК
Сабою ты ўпрыгожыла мой лёс,
Усмешкай асвяціла дні самоты.
Любоўю акрыяў я і ўваскрос
Ад цеплыні жаночай і пяшчоты.
Нясказаныя словы я сказаў,
Заззялі вочы ад тваёй лагоды,
Калі я зведаў і калі спазнаў
Тваёй любові цуд неверагодны.
Не хачу я інакшага раю,
Слаўлю шчасця спазнанага міг,
Бо жанчына, якую кахаю,
Прыгажэй для мяне ад усіх.
Дні ідуць, а гады пралятаюць.
Не магу наталіцца я ёй,
Бо жанчына, якую кахаю,
Стала лёсам і доляй маёй.
Схілю ў пакоры нізка галаву
Я прад тваім нябесным пакліканнем.
Бо дыхаю табою і жыву,
Сагрэты і аблашчаны каханнем.
Каб род не перавёўся, не змарнеў
Табе майго прызнання кампліменты.
Дзіцячы смех і твой ласкавы спеў –
Жыцця майго святыя дыяменты.
Не хачу я інакшага раю,
Слаўлю шчасця спазнанага міг,
Бо жанчына, якую кахаю,
Прыгажэй для мяне ад усіх.
Дні ідуць, а гады пралятаюць.
Не магу наталіцца я ёй,
Бо жанчына, якую кахаю,
Стала лёсам і доляй маёй.
13.07.2024
Свидетельство о публикации №124071301443