Салодкае вiно
леанід ПРАНЧАК
Не згінула надзея,
Хоць столькі зім прайшло,
Ніхто не разумее,
Што разам нас звяло.
Што не дае забыць нам
Світальны шал зары,
Калі здаецца: быццам
Мы ўсё яшчэ сябры.
А мы даўно чужыя,
Бы ў моры караблі.
А мы даўно не тыя,
Што некалі былі.
Я для цябе мінуласць,
Салодкае віно.
Сваю былую чуласць
Згубіла ты даўно.
Адводжу долу вочы
Ад позірку твайго,
Бо позірк той сірочы,
Бо ў ім пагас агонь.
Боль адгукнецца спазмам.
Самоты міражы.
Аб тым, што мы не разам,
Нікому не кажы!
Хай думаюць, што ў свеце
Каханне правіць баль.
Дык мо і правіць дзесьці.
Ды мы не там, на жаль.
01.07.2022
Свидетельство о публикации №124070102291