Нашчадкам
Зімою сорак другога
Зусім незнаёмыя людзі
Ў чужое зямлі далёкай,
Калі хто прыехаць надумае-
Не знойдзе імя Яфім,
Мяне пахаваюць пад нумарам:
Дзесяць, два, сем, адзін...
Гарачае лета панура
Вайною мяне апякло,
У першым баі пад Улай
Патрапілі мы ў палон.
Вось так нечакана рана
Нас узялі ў кацёл,
Вайна для мяне працягвалась
Толькі шаснаццаць дзён...
А потым галодны лагер
Недзе ў заходняй Польшчы,
Людзі туды прыбывалі
З ранку да самай ночы,
Кажуць, што нашы часткі
Зноў адышлі,... пры тым,
Хтосьці патрапіў ў пастку,
Хтосьці прарваўся ў тыл...
Ранак, барак, прагоны,
Шэрань саткана ў дрот...
Дзе ты, мой край азёрны,
Я не знаходжу брод...
Як і тады пад Улай...
Нас у ракі ўзялі,
Я і не мог падумаць,
Што назаўсёды мы...
Гэту зямлю пакінем
І атрымаем код-
Нумар нам будзе імем
Ў гэты злавесны год.
З гэтым звычайным кодам
Шыльда паміж ялін,
Простыя лічбы з годам:
Дзесяць, два, сем, адзін...
Прусакоў Яфім Фёдаравіч (мой стрыечны прадзед) 1912 года нараджэння, Віцебская вобласць, Віцебскі раён, вёска Зайцава. Быў прызваны Віцебскім ваенным камісарыятам у чэрвені 1941 года. Падчас Віцебскай бітвы у складзе 186-й стралковай дывізіі 7-га ліпеня трапіў у палон ў раёне Улы, калі 39-ты матарызаваны корпус вермахта правёў паспяховае фарсаванне ракі Заходняя Дзвіна і прарваў лінію абароны. Пасля паланення быў накіраваны ў лагер Гамерштайн/ Hammerstein (Stalag 315 / II B / II F Hammerstein)- зараз горад Чарнэ (Czarne), Члухоўскі павет, Паморскага ваяводства, Польшча. Атрымаў парадкавы нумар вязня 10271. Памёр 27-га студзеня 1942 года, верагодна падчас эпідэміі брухавіннага (брушнога) тыфу.
Лагер Stalag 315 пачаў будавацца у чэрвені 1941 года для прымання савецкіх салдат, захопленых у ходзе аперацыі "Барбароса". З ліпеня па снежань 1941 года- масавае паступленне палонных у лагер. Да лістапада 1941 года палонныя ў асноўным месціліся за межамі лагера, які яшчэ будаваўся, хаваліся на ноч у норах, выкапаных у зямлі. Са снежня 1941 года яны пачынаюць шукаць прытулак у бараках, якія не маюць ацяплення, а таксама падлогі і вокнаў. Асноўнымі прычынамі смерці з'яўляюцца голад, холад, антысанітарыя, адсутнасць медыцынскай дапамогі. У лістападзе 1941 года ў лагеры выбухнула эпідэмія брушнога тыфу, якая доўжылася да сакавіка 1942 года. Ад 40 000 да 50 000 зняволеных памерлі на працягу гэтага перыяду, пахаваны ў брацкіх магілах. У лагерным шпіталі паміралі да 200 вязняў у суткі.
Свидетельство о публикации №124063006686