Лiст у нiкуды
Мне сняцца дзіцячыя ў лесе сляды
І нумар, які усплывае спрэс-
восем, шэсць, тры, нуль, тры...
У восеньскім лесе любіў я блукаць
І нават аднойчы зусім заблудзіўся,
І ты мяне стала тады шукаць,
о маці, ты мне прыснілась!
Знайшла ты напэўна мяне па слядох,
Здавалася мне, я сыйшоў далёка...
Не знойдзеш на жаль ты мяне ізноў,
як гучна цяпер не галёкай...
Ды я спадзяюся, што ты не адна,
Што нашая хата яшчэ не згарэла,
Што ты не хварэла, бо гэта зіма...
надта мяне падзерла...
Хлусіць я не буду, напраўду скажу-
Нас у бараку цяпер адзінкі...
Ды я ўсё ж здалеў прычакаць вясну,
твой родны і любы сынку...
Не ведаю я, як трымацца далей,
А заўтра ізноў пахаванні ў пожні,
Закопваем мы йшчэ жывых людзей...
тых, хто не ўстане з ложкаў.
Мо ранкам чарговым не ўстану з калень,
Калі камэндант распачне перазовы,
І ў гэты апошні вясновы дзень
нумар ты мой запомні.
Можа ты знойдзеш мяне калі...
Недзе ў далёкім бурштынавым полі,
Каб надпіс: восем, шэсць, тры, нуль, тры...
душу тваю спатоліў...
На фотаздымку картка палоннага Максіма Сомава з канцэнтрацыйнага лагера "Пяты полк"(Stalag 313) ў Віцебску, з парадкавым нумарам 86303. Быў санінструктарам з Гомельскай вобласці, трапіў ў палон вясной 1943 года...
Свидетельство о публикации №124063000516