Сон

О любая, я сёння зноў прысніў
Малога шчанюка ля нашай хаты...
Ці помніш ты, як мы яго ўзялі
Яшчэ да гэтае вайны праклятай...

Ці помніш ты, напрыканцы зімы
Гулялі зь ім і дзень такі быў светлы,
А уначы чамусьці ён завыў,
І прыляцелі першыя ракеты...

Рачулка там была непадалёк-
Мо сотня крокаў ад жытла, не болей.
Ён неяк там у хмызняку залёг,
А ты яго шукала побач ў полі

І надта засмуцілася тады-
І процьме слёз магло б здзівіцца мора,
Не ведалі ў той дзень з табою мы
Якое нас яшчэ чакае гора...

Які быў сад ля самага акна...
Ты пасадзіла яблыню і грушу,
Ты так хацела пасадзіць сама,
Казала мне, што я усё парушу.

Казала ты, што гэта мы з табой-
Два дрэўцы, што цяпер да сонца ймкнуцца,
Ніколі ім не разлучыцца бо,
Яны карэннем у зямлі сплятуцца...

Не падманула... Так, яны сплялісь...
Чарнюткія... каля акна былога,
Якое не паспела ты дамыць,
Калі ад хаты засталась палова...

О любая, чароўны гэты сад
Яшчэ жывы і нат сабе красуе,
Ды толькі час не вернецца назад...
У тую ноч халодную сівую...

Ты ведаеш, зусім я не такі,
Якім сустрэла ты мяне калісьці-
Цяпер я не хаджу да той ракі,
Вясной у садзе не збіраю лісце,

А будку, што рабіў для шчанюка,
Разбіў на дошкі йшчэ зімой мінулай,
Яна такой маленькаю была,
І атрымаўся крыж зь яе пануры...

А для цябе вялікі і даўгі
Зрабіў я крыж, прабач, крыху нязграбны.
Канешне, мы не вернікі былі,
Ды іншага зрабіць я быў не здатны...

О любая, мне невыносны сон,
Душа мая праклятая вайною,
Забрала нас дваіх яна з сабою:
Цябе адразу у зямлі палон...
Ну а мяне пакінула для бою...

Нібы паганскі людажэрны бог
Чакае зноў крывавую ахвяру
Убачыць ля сваіх крывавых ног...


Рецензии