Пiрамiда

У цёмных калідорах піраміды
Я заблукаў без мапы і святла,
Яна даўно была для ўсіх забытай,
А для мяне бы маяком была.

Ў пяшчаным моры веславаць няможна,
І ногі гразнуць у сухой вадзе,
І кожная нібы клінок у ножны
Так трапна уваходзіць, а не йдзе.

Пясок гарачы прыпякае пальцы,
А вецер надзімае ветразь мой,
Ды ў гэтай мокрай баваўнянай майцы
Яшчэ цяжэй ісці сваёй хадой.

Нарэшце уваход! Здымаю ветразь,
Сядаю на хвіліну адпачыць,
А з калідора паглядае ветла
Агеньчык ледзьве бачнае свячы.

Ці то міраж, ці нейкае дзівацтва...
Пайсці туды, не маючы прычын?...
Ды ўжо калі прыйшоў куды дзявацца-
Ісці ды не знайсці сабе спачын.

У храме супакою шматгадовым
Знайшлі яго рабы й рабаўнікі,
Якія слугавалі фараонам
Ці марылі спустошыць тайнікі.

Ды да багацця я зусім не ласы,
А слугаваць няма ужо каму-
Пустэча пад каменнай шчыльнай масай
І цішыня, пакорная яму...

Таму, хто там, пад вечкам саркафага
Сустрэўся з Ра у сонечнай ладдзі,
Жывых зжырае да багацця прага,
Зжыраюць чэрві, што ўдалось знайсці...

Праходзіць так стагоддзе за стагоддзем,
І ты ляжыш, утаймаваны ім...
Наўрад ці хто сюды цяпер прыходзіць,
Дык тую ж свечку нехта запаліў?...

Таемнае заўжды не ладзіць з праўдай,
А праўда зараз ў кожнага свая,
У іншы свет не праслізнуць з пагардай
Сцяжынамі пяшчанага сяйва...

У цёмных калідорах невыносна:
Замест паветра - векавечны пыл.
Было і тут калісьці шматгалосна,
А зараз толькі цішыня магіл...

Маяк самотны у жвіровым моры,
Скарбонка таямніцаў і надзей...
Ў начное неба моўчкі я глядзеў,
І фараон са мной глядзеў на зоры...


Рецензии