Гарадзенская змяя

ГАРАДЗЕНСКАЯ ЗМЯЯ
леанід ПРАНЧАК

У Гародні, дзе Каложа,
(Собіла ж прысніць)
Запаўзла змяя ў мой ложак
І са мною спіць.

Я прачнуўся і не веру
Здзіўленым вачам.
Адчуваю, як хімеру,
Я змяіны шарм.

Ледзьве дыхаю.
Здаецца,
Гэта жарт ці здзек?
Бо калі змяя прачнецца,
Я засну навек.

Абвіла мне ногі, рукі.
Спі і не пацей.
Цёмнай ноччу ля гадзюкі
Сам я, нібы змей.

Спіць, шчаслівая такая,
Грэе скуры шоўк.
І праз сон яна каўтае
За глытком глыток.

Я ляжу, не варушуся,
Вельмі страшна мне.
І баюся і малюся
Богу на сцяне.

Як магло такое стацца?
Сам я не хацеў.
Я змяю, мае вы братцы,
На грудзях прыгрэў.

А яна, калі прачнецца,
Скочыць і кусне
Скуру, там дзе б’ецца сэрца
П’янае ў мяне.

Ох, змяішча, ох, змяіна,
Жаль маіх спакус.
Ты прыгод маіх прычына
І правінаў друз.

Прыпаўзла, каб не забыўся,
Як грашыў і дзе.
Прыпаўзла, каб павініўся,
Нібы на судзе.

Ох, змяя, язык з атрутай.
Страх сівых начэй.
Водар бору з мятай рутай
Ды гіпноз вачэй.

Ты нядрэмнае бяссоне,
Ты світання звон,
Ты маіх трывог бяздонне
Ля начных акон.

Покуль дрэмлеш ты са мною,
Нават мне на здзіў,
Я злаўлю цябе рукою
Той, якой карміў.

Кіну ў Нёман, як вяроўку,
На пракорм язям.
Я змяю, сваю сяброўку,
Ім за так аддам.

І яна, страхоцце змроку,
У раку ўпадзе.
Ані жалю, ані лёку.
Хвалі на вадзе.

У Каложы на світанні
Службу адстаю.
Папрашу аб дараванні
Бога і зямлю.

І адляжа з сэрца цяжкасць
Нудных скрушных дзён...
І набудзе сэнс і важкасць
Гарадзенскі сон.

06.04.2022


Рецензии

В субботу 22 февраля состоится мероприятие загородного литературного клуба в Подмосковье в отеле «Малаховский дворец». Запланированы семинары известных поэтов, гала-ужин с концертной программой.  Подробнее →