Толькi рэха

ТОЛЬКІ РЭХА
леанід ПРАНЧАК

Жоўты крыж пад чромхай счарнеў,
І вянкі на магіле завялі.
Не пачуць мне Ваш голас і спеў,
Вы сваё на зямлі адспявалі.

Горкі цяжар пякельнай жальбы.
У самоце цяжэюць павекі.
Колькі песень сышло у нябыт,
Колькі казак забыта навекі!

Злая доля, пакутніцкі лёс.
Паміраюць і словы і крокі.
Адыходзяць сябры і з нябёс,
Як лістота, цярушацца зоркі.

Ноч чарнее на вохкай расе.
Чэзне ў прыцемках смутак світальны.
Бусел згорбіўся на страсе
І стаіць, нібы знак запытальны.

Закрычу, каб парушыць спакой.
Голас здрадліва знік і ні зыку...
За сцяной, за журбой, за ракой
Толькі рэха ад немага крыку.

10.05.2024


Рецензии