НЕ ДОМА
леанід ПРАНЧАК
Між гарадоў, як між агнёў,
Няўтульнасць працінае.
Цярпення стомлены анёл
Глядзіць, нібы карае.
Дарог крутыя віражы.
Імчыць цягнік халодны
З чужога горада ў чужы,
Што быў калісьці родным...
Неўсталяванае жыццё.
Гадоў імклівых стома.
І разбіваецца быццё
На: дома і не дома.
Я ад цябе амаль адвык,
Нібы ад добрай кавы.
А ты жартуеш: быў і знік.
Ды толькі жарт гаркавы,
Бо халадзее поціск рук
І ложак астывае,
Бо я глухі, як цецярук,
Тады, калі спявае.
І на якой такой вярсце
Не гарцаваць мне ўлегцы?
І камень мохам абрасце,
Калі ляжыць на месцы.
А я ўсё ў спешцы і рухУ,
Шукаю сэнс жыццёвы,
Пераціраю на труху
Заезджаныя словы.
Я палюбіў сваю нуду,
Туман і хмарнасць неба.
І п’ю свой смутак, як ваду,
Нібыта так і трэба.
06.05.2022
Свидетельство о публикации №124050606773