Паданне пра Ваукалака
Як ахвяры прыносілі цёмным вірам,
Як дранцвелі старыя ад моцнага рыку,
Як марнела навокал і вёска, і выган,
Як губляліся людзі ва ўласных садах,
Як згубілі трываласць і сцены, і дах,
Калі спевам на трызну не здзівіш чарцей,
І ніхто не чакае дахаты гасцей.
Гэта казка- не казка, а мо й не аповед,
Ды аднойчы жывёлу задзерлі на полі,
Пазагрызлі сабакаў, пакралі курэй-
Раптам знекуль з'явіўся раз'юшаны звер.
Ён прыходзіў апоўначы, гойсаў ля хатаў,
Быў ён чорным амаль і даволі кудлатым,
І хаваючысь ў хатах, гасілі святло,
Бо на вочы свае яны бачылі зло...
Невядома чаму ён аднойчы з'явіўся
У сярэдзіне дня, як грымоты ўзняліся,
І залева страшэнная біць пачала,
Вось тады і з'явіўся на ўскрайку сяла.
У тым месцы была невялікая хатка,
І на жаль не паспела малое дзіцятка
Ад залевы схавацца ў адрыну ці хлеў-
І стаяла дзяўчынка пад шатамі дрэў...
Ён убачыў, адразу пачаў набліжацца,
Зубы ляснулі нібы жалезкі у пастцы,
І схапіўшы дзяўчынку за белы каўнер,
Хутка знік у залеве бязлітасны звер.
І далёка занес ў нетры цёмнае пушчы,
Аж сукенка дзяўчынкі зрабілась анучай,
І падраную голлем у засень між траў,
Ён маленькае цельца на глебу паклаў.
І карцела яму пажывіцца удосталь,
Каб пакінуць пасля толькі белыя косткі,
Ды схапілась дзяўчынка за лапу яму
І даволі раптоўна ўзняла галаву,
І глядзела у вочы, не кажучы слова,
І чамусьці знямела ваўчыная мова,
Прыгадалася раптам, што колісь і ён
Быў дзіцёнкам, якога схапілі ў палон
І таксама аднеслі праз пашы і гоні
У гушчар, дзе не ходзяць і дзікія коні,
І чамусьці пакінулі там да пары,
Покуль іклы не выраслі і кіпцюры...
Колькі часу прайшло невядома нікому,
Як драпежнікам стаў ён у сёлах вядомым,
І казалі, што літасць схаваў у галлё-
Быццам вырваў у пушчы ён сэрца сваё...
Ды чамусьці цяпер тыя сінія вочы
Абудзілі пачуцці у нораве воўчым,
Знік на хвілю і выскал, і сцішыўся рык...
Толькі звер прагавіты нікуды не знік!
Ён ашчэрыўся зноў і ускочыў імкліва,
Падышоў да дзяўчынкі, што Бога маліла,
І ужо без развагаў, не гледзячы ў твар,
На кавалкі імгненна дзіцё разарваў!
Ну а потым прынес яе косткі дадому,
Каб надзея была непатрэбнай нікому,
Каб згубілі свой розум бацькі ад віны,
Каб да скону пра шчасце забылі яны.
Як ў свой час не было і яму ратавання,
Дык цяпер і астатніх ён нішчыць дазвання,
Нібы помсціць за тое што з ім адбылось,
Бо ад зла нарадзіцца магла толькі злосць...
І дагэтуль, як кажуць, жыве ён у лесе,
Часам бачаць сляды на зямлі і у снезе,
І вяскоўцы не ходзяць ў закінуты лес,
Ды і ўвогуле край абязлюдзіў увесь.
Засталіся старыя у хатах счарнелых,
У руінах царква, што калісьці бялела,
Зараслі агароды, пасохлі сады,
І гібеюць крыжы напамінам бяды.
Цішыня... і лясныя хваёвыя гмахі
Апусцелі зусім- іх пакінулі птахі,
Ды начамі тужлівымі чуецца рык,
Бо той звер прагавіты нікуды не знік...
Свидетельство о публикации №124042003740