Пъе сабака з лужыны

П'е сабака з лужыны.
Светафор міргае.
За каўнер жамчужыны
Ліпка мне кідае.

Ліпка мая родная!
Дзе я быў-цягаўся...
На слаўцо народнае –
Валацугам зваўся.

Чалавек зялёненькі.
Чалавек чырвоны.
На скамейцы – хронікі.
А з-за плоту – звоны...

Красавік гуляе –
Парасолькі гнуцца.
Вялікдзень маўляе:
Мо табе вярнуцца?

Што табе там? Мазана?
Берагі кісельныя?
Болей не павязаны
Рушніком вясельным...

Адзіноцтва стылае.
Ды і без вугла...
Цераз неба з крыламі
Цягнецца страла.

П'е сабака з лужыны...

Прыняў i я чарку.
І пайшоў прастуджаны.
Са слязьмi на карку.


Рецензии