Не магу зачапiцца радком...
Не магу зачапіцца радком...
Зачаплюся нагамі за сцежку
І пайду па дзяцінству ляском
І з вясной пастаю на узмежку.
А да хаты баюся дайсці,
Не сустрэць ні ката, ні каровы.
Дуб у леташнім рыжым лісці,
У душы - беспацешныя словы.
На разбураным ганку трава...
Я з дзяцінства вяртаюся ў сёння.
І баліць ад вясны галава,
І ляціць мой радок у прадонне
Між клінамі лясоў і палёў
І вядзе мяне ў думках да хаты,
Бо заўсёды імкнецца дамоў,
Дзе калісь нарадзіўся - крылаты.
Не магу зачапіцца радком...
Зачаплюся нагамі за сцежку
І зліюся душою з пяском
На быцця і нябыту узмежку.
29. 03. 2024 г.
Свидетельство о публикации №124033102618