Паэту
Ну што ж, ты станцаваў канкан
і перад гэтаю ўладай,
цяпер чакай, пакуль “гарант”
надзеліць новаю пасадай.
У “Маладосці” — бачыў я —
другім ты йдзеш пасьля самога...
Паэт — ён як сабачаня:
паўзе пад ногі да любога.
Аднак, пабач, у гэты час
ідуць і іншыя будоўлі,
і, лёсу гледзячы ў анфас,
жывуць хлапцы высокай долі...
Паэт! За што і перад кім
ты гэтак выпрастаў хрыбціну?
Дзеля таго, каб жоўты “ЛіМ”
зьмяшчаў твой фэйс
з крывою мінай?
Ці каб сівая “Маладосць”,
твой верш старанна аблізаўшы,
высмоктвала з радочкаў штось,
што ганьбіць рускія пэйзажы?
Я не настаўнік твой, паэт,
мне за сябе, бадай, няёмка:
якога д’ябла ў белы сьвет
я выйшаў з камэрнаю шлёмкай?
Няўжо каб назіраць, як ты
пры чарцы плачаш над Краінай
і строіш аж да дурнаты
зь сябе звыродлівыя кпіны?
У “Полымі” тваім, паэт,
гарыць ня полымя, а сьвечка.
Нялёгка выйсьці пад стылет,
прасьцей прыкінуцца авечкай
і крэмзаць долатам душы
па фінскай глянцавай паперы,
падлічваючы аркушы —
ці барышы? — радкоў кашэрных.
Даволі! Барацьба стыхій
няўстойлівыя нішчыць глебы,
і слабых сьпін шукае кій,
разьмінку робячы на рэбрах.
Дык падстаўляй хрыбет хутчэй —
і першым будзеш апрастаны,
і цісьні сьлёзны сок з вачэй
ад шчасьця, што
не расстраляны.
Ліпень 2002
26.07.2002,"НН",
№ 28 (290), 26 ліпеня 2002 г.
Свидетельство о публикации №124031502970