Ён быу барацьбiтом, на кожны крок...

***
          Памяці Максіма Танка

Ён быў барацьбітом, на кожны крок
Палітыкі ён вершам адклікаўся.
А я маўчу, я берагу свой зрок,
Каб мой радок ні ў чым не памыляўся.

Ён быў барацьбітом. Ці перамог?
У памяці барацьбітом застаўся.
Перамагае ўсё на свеце Бог
І той радок, якім ты прычашчаўся.

Ён быў барацьбітом. Свядома жыў.
За дабрабыт народа ён змагаўся.
А я пяю прасторам родных ніў,
З якімі кожны дзень душой зрастаўся.

Ён быў барацьбітом. Быў камуніст.
І сталінскіх ён славіў дэпутатаў.
А я кляновы рыжы слаўлю ліст
І памяць беспартыйнага салдата.

Ён быў барацьбітом. Паэтам быў.
Застаў яшчэ і час перабудовы.
А я заўсёды верш яго любіў
Пра неўміручасць нашай роднай мовы.

Ён быў барацьбітом. Як танк, ішоў
Да мэты праз любую перашкоду.
У барацьбе ён сам сябе знайшоў,
Паэт свайго ўяўлення пра свабоду.

06. 03. 2024 г.


Рецензии