Бывае так пуста на сэрцы...
Бывае так пуста на сэрцы
Ў дзень сонечны перадвясенні,
Што хочацца ціха памерці
І зноў узысці, як насенне,
Якое ў зямлі памірае,
А потым праросткам усходзіць.
Так пуста на сэрцы бывае,
Калі яно вершаў не родзіць.
Бывае на сэрцы так пуста,
Што проста жывеш і не знаеш,
Чаму анямелыя вусны
Ты вусцішы не спавядаеш.
Такое бывае на межах
Вясны і зімы - на пагорках,
Дзе ветрык празрысты і свежы,
А сумнаму сэрцу так горка.
Так пуста на сэрцы бывае,
Калі яно вершаў не родзіць.
Здаецца, яно памірае...
І новым праросткам усходзіць.
27 - 28. 02. 2024 г.
Свидетельство о публикации №124030904816