Нашчо ты iх пiшаш...

***
"Нашчо ты іх пішаш? -
Пыталася маці. -
Які табе з гэтага толк?"
За вокнамі лютаўскі
Вецер калыша
Туману бялёсага шоўк.

За вокнамі лютаўскі
Вецер калыша
Маіх успамінаў дымок.
"Нашчо ты іх пішаш? -
Казала мне маці. -
Каму яны трэба, сынок?"

"Лажыся ўжо спаць,
Не сядзі да паўночы.
Падай мне стаканчык вады..."
За вокнамі вецер
Жалезам грукоча
І дождж размывае сляды...

Ах, мама, ах, мама...
Мяне шкадавала.
Хацела, каб жыў я лягчэй.
За вокнамі ветру
Скуголіць навала
І гоніць слязінкі з вачэй.

Ах, мама, ах, мама,
Ты рана ўставала.
З зары да зары
Працавала адно.
Калі ж працаваць
Не магла ўжо, чытала,
Ці проста глядзела ў акно...

Нашто ты чытала?
Што ў кнігах шукала?
Чаго не хапала, скажы?
Не стала цябе,
І чагосьці мне, мама,
Нібы не хапае ў душы...

Таму і пішу...
Хоць няма ў гэтым толку,
Ды з вершамі жыць весялей.
А лютаўскі вецер
Гудзе ў панадворку
І гоніць слязінкі з вачэй.

22. 02. 2024 г.


Рецензии